Гэта наш абавязак – памятаць
Наш абавязак – памятаць пра загінулых блізкіх, родных, мы мусім гаварыць пра тыя падзеі, – кажуць сем’і вазакоў, якія загінулі ў Старых Пухалах, што на Бельшчыне.
Там 31 студзеня 1946 года аддзел польскага збройнага падполля ПАС-НЗВ (PAS-NZW) пад кіраўніцтвам Рамуальда Райса «Бурага» забіў 30 вазакоў – праваслаўных беларусаў, жыхароў Бельскага павету. У 70-гадавіну падзеі сваякі загінулых прыйшлі ўшанаваць іхную памяць да помніка ахвярам:
– Лукашук Тэадор з Чыжоў – наш сваяк. Яго забралі і шмат гадоў пра тое, што з ім сталася, мы нічога не ведалі.
– Аляксандар Юзючук – родам з Краснага Сяла. Ён быў братам маёй бабулі, працаваў ва Усходняй Прусіі, вярнуўся дадому, ажаніўся, пажыў некалькі месяцаў у вёсцы з сям’ёю, але прыйшла банда “Бурага” і яго забралі. Спадзяюся, што з нагоды 70-годдзя трагедыі больш людзей даведаецца пра тое, што здарылася з нашымі роднымі.
Пасля ўскладання кветак ды запальванняў знічоў прысутныя на ўрачыстасцях сабраліся ў бары «Анна», дзе іх чакаў пачастунак.
Там адбыўся паказ дакументальнай стужкі Юркі Каліны «Сярожа», прысвечаны асобе прысутнага на ўрачыстасцях Сяргея Нічыпарука, родныя якога загінулі 29 студзеня 1946 года ў час пацыфікацыі Заляшанаў атрадам Рамуальда Райса «Бурага».
[Not a valid template]
* * *
У 70-гадавіну забойстваў у Старых Пухалах (што на Бельшчыне), на ваенных могілках да помніка ахвярам атрада Рамуальда Райса «Бурага» ўсклалі кветкі жыхары Бельска-Падляшскага, сем’і загінулых ды прадстаўнікі самаўраду. „Нельга пра гэта забываць”, – кажа старшыня рады горада Ігар Лукашук:
– Гэта датычыць вялікай часткі нашага грамадства, нельга адносіцца да гэтага абыякава. Гэта наша гісторыя. Яна жыве ў эмоцыях людзей, яна да канца не выказаная. Я лічу, што мы мусім пра гэта гаварыць і памятаць перш за ўсё для таго, каб пазбегнуць такіх трагэдый у будучым.
31 студзеня 1946 году ў Старых Пухалах (што ў сённяшняй гміне Браньск) аддзел збройнага падполля ПАС-НЗВ (PAS-NZW) атрад Рамуальда Райса «Бурага» забіў 30 вазакоў – жыхароў Бельскага павету.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара