Гімназісты з Беластока знаёмілі дашкольнікаў з беларускай мовай



У польскім дзіцячым садку №64 у Беластоку прайшла сустрэча з беларускай моладдзю. Вучаніцы з гімназіі №7 зачыталі для дзяцей казку, а таксама падрыхтавалі гульні. Сустрэча была накіраваная на азнаямленне з самай большай меншасцю на Падляшшы, кажа настаўніца беларускай мовы ў гімназіі №7 Эльжбета Рудкоўская.

– Я ў гэтым годзе падумала паказаць беларускую мову ў польскім садку. Паказаць, што сярод нас жывуць людзі, для якіх роднай мовай з’яўляецца беларуская мова. І каб дзеці ведалі, што польская мова ў Польшчы якраз не адзіная родная мова.

Дырэктар дзіцячага садка №64 у Беластоку Мажэна Арлукевіч адзначыла, што гэта, напэўна, не апошняя сустрэча дашкольнікаў з беларускай мовай у іх садку.

– Выдатна, што ў новай асноўнай навучальнай праграме, якая пачынае дзейнічаць з верасня і якую я ўжо прачытала, прадугледжана знаёмства дзяцей з мовамі нацыянальных меншасцей, сярод якіх і беларуская. Таму я думаю, што мы на крок ужо апярэдзілі гэтую праграму. А чытанне кніжак выдатна ўпісваецца ў новаўвядзенні. Тым больш навошта чытаць кніжкі толькі па-польску, калі можна гэта рабіць і па-беларуску.

Ініцыятаркай сустрэчы беларускай моладзі ў польскім дзіцячым садку была Эльжбета Рудкоўская.

[Not a valid template] 

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтаркі