«Гісторыя Беластока за 45 хвілін»
Чарговая сустрэча гістарычнага клуба Beer&History – «Гісторыя Беластока за 45 хвілін».

У Беластоку ў бары Beer4U прайшло чарговае паседжанне клуба аматараў гісторыі Beer&History. Гэтым разам, нягледзячы на спёку, на сустрэчу, прысвечаную гісторыі Беластоку, прыйшло яшчэ больш людзей, чым тыднем раней.
Вядоўцам вечарыны быў журналіст і краязнавец Алесь Кіркевіч, які пастараўся за 45 хвілін папулярна распавесці прысутным гісторыю сталіцы Падляшша ад даўніх часоў да сённяшніх дзён.
– Прыемна, што аўдыторыя была жвавая, не толькі адказвала на пытанні, яна яшчэ і спрачалася з лектарам. Гэта самае класнае, падказвала нешта сваё, нейкія свае версіі, бачанне ў абсалютна розных сферах. І мне падаецца, што гэта абсалютна рэальна, калі вакол твайго клуба сфармуецца нейкі касцяк людзей. Якія будуць ведаць адно аднаго, вітацца адзін з адным на вуліцах, а не проста, як звычайна беларусы панура ходзяць і глядзяць па баках. Хай з’явіцца яшчэ спартовы беларускі клуб, хай з’явіцца беларускі стралецкі клуб, хай з’явіцца клуб гульні ў шашкі і шахматы, але галоўнае, каб людзі камунікавалі паміж сабой і не губляліся. Беларусам быць не сорамна, беларусам быць – класна!
Beer&History – нефармальны клуб аматараў гісторыі, які арганізавалі ў Беластоку беларусы, якія па розных прычынах аказаліся тут і прагнуць не губляць сувязяў праз рэгулярныя сустрэчы за абмеркаваннем беларускай гісторыі. Такія вечарыны праходзяць у беластоцкім бары Beer4U штосераду а 19-й гадзіне.



Беларускае Радыё Рацыя
