Гісторыя Руслана Кулевіча: паказвалі па БТ, білі жонку, спрабавалі прыцягнуць да адказнасці



Руслан Кулевіч – журналіст Hrodna.life, якога пасля жніўня разам з жонкай рэпрэсавалі. Затрымалі Руслана пасля акцыі ў краме, памецілі як актыўнага, збілі разам з жонкай, пасадзілі на суткі. 

Але на гэтым рэпрэсіі толькі пачаліся: Руслана публікавалі на „жоўтых злівах”, паказвалі па дзяржаўным тэлебачанні і спрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Пасля гэтага Руслан быў вымушаны ўцякаць за мяжу:

– Затрымалі нас з жонкай 11 жніўня, “накрылі” нас у краме, мы там хаваліся. Я быў у жылетцы “прэса”, крычаў, што журналіст. Усё роўна, ударылі некалькі разоў мяне дручком, жонку. Пацягнулі ў аўтазак. Сказалі, што я “памечаны”. У выніку мне прысудзілі сем сутак. Я адседзеў з іх трое. І пасля ўсіх пачалі выпускаць у Гародні. І на наступны дзень мы паехалі з жонкай у шпіталь, і там мне зрабілі здымкі. У мяне былі пераломы на кісцях рук. Я лічу, што гэта ад таго, што я закрываў галаву ад удараў дручкоў. Я пяць дзён яшчэ праляжаў у шпіталі. І пасля гэтага пачаўся ціск на маю сям’ю. І мы вымушаныя былі з’ехаць. Зараз мы пераехалі ў Польшчу. Я лічу, што буду бліжэй да Гародні і неяк працаваць, запісваць гарадзенцаў. Планую запусціць свой відэапраект, расказваць пра ўцекачоў.

Цяпер Руслан з сям’ёй жыве ў Польшчы. Ён прымае актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці беларусаў у Беластоку. Як пікетоўца прымае ўдзел у розных акцыях і працягвае займацца журналістыкай.

Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток