Глабальны пікет салідарнасці з Беларуссю (абноўлена)
Акцыя салідарнасці ў Беластоку.
***
У Варшаве – вялікі пікет салідарнасці з Беларуссю. Як паведамілі відавочцы, на дэманстрацыю прыйшло каля паўтысячы чалавек.
Працягваецца галадаванне пад прадстаўніцтвам Еўракамісіі ў польскай сталіцы. Мэр стакгольмскага муніцыпалітэта ўзняў беларускі сцяг. «Мы хочам паказаць, на чыім мы баку», — заявіў мэр Накі Матс Герда. Акурат у гэтым муніцыпалітэце знаходзіцца амбасада Беларусі. Бел-чырвона-белы сцяг размясціў на будынку рыжскай думы мэр латвійскае сталіцы Мартыньш Стакіс. Нацыянальныя штандары Беларусі з’явіліся і на гістарычным будынку палаца Браніцкіх у Беластоку. У гадавіну затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага ў розных гарадах Беларусі на вуліцах заўважылі тэматычныя тапкі – сатырычны сімвал барацьбы з прусаком. Віцябляне запісалі відэа пад дэвізам «На кожнага прусака знойдзецца свой тапак». На адрэзку Партызанскага праспекта ў Менску прайшоў лакальны марш пратэсту.
На акцыі салідарнасці таксама выйшлі беларусы Ізраіля, Вялікабрытаніі, Расеі, Аўстраліі, Канады, ЗША і Пуэрта-Рыка.
Бацькі Рамана Пратасевіча выступілі на акцыі ў Варшаве
***
Гадавіна затрымання Ціханоўскага – у Беластоку ды іншых гарадах Польшчы сёння пройдуць акцыі салідарнасці.
У Беластоку cёння пройдзе акцыя салідарнасці да гадавіны затрымання аўтара YouTube-канала „Краіна да жыцця”, мужа Святланы Ціханоўскай Сяргея Ціханоўскага.
Сёння мінае роўна год з моманту яго арышту, адзін з арганізатараў акцыі, Ян Абадоўскі ў нашым эфіры распавёў, хто сёння пройдзе на акцыю ля консульства ў Беластоку ды ў іншых польскіх гарадах:
– Па-першае, прыйдуць нашы беларусы, якія вымушаныя былі ўцякаць ад рэжыму Лукашэнкі, таксама выйдуць беларусы, якія тут жывуць. І спадзяемся, што нас таксама падтрымаюць грамадзяне Польшчы.
Беларуская эміграцыя ў Польшчы арганізуе такія акцыі ў 13 гарадах: у Познані, Кракаве, Варшаве, Уроцлаве ды іншых.
Як дадаў Ян Абадоўскі, беларускую дыяспару ў Беластоку падтрымалі і гарадскія ўлады:
– Сёння гарадскія ўлады горада Беластока таксама далучыліся да Глабальнай акцыі салідарнасці і вывесілі на гасцявым палацы Браніцкіх бел-чырвона-белы сцяг. Дзякуй вялікі гарадскім уладам.
Арганізатары акцыі адзначаюць, што апошні тыдзень узрушыў не толькі беларусаў, але і неабыякавых людзей з усяго свету. Таму на акцыі салідарнасці між іншым будуць узнятыя такія тэмы як смерць у турме палітвязня Вітольда Ашурка, прымусовае перанакіраванне ў Менск самалёта кампаніі Ryanair Афіны-Вільня і арышт блогера Рамана Пратасевіча, пераслед журналістаў партала tut.by ды іншыя.
Беларускае Радыё Рацыя