Гміна Грабаўка: Надзея не памірае



Ануляванне ўрадам пастановы аб узнікненні гміны Грабаўка не адпавядала польскім законам.

Такое рашэнне агучыў Канстытуцыйны трыбунал Польшчы. Паводле суда, улады гміны Супрасль не правялі грамадскія кансультацыі ў справе анулявання пастановы, а гэта супярэчыць Канстытуцыі і Закону аб самаўрадзе. Тэарэтычна, гэта азначае, што гміна Грабаўка існуе з 1 студзеня 2016 года. Паводле солтыса вёскі Калёнія-Засценкі Паўла Каранкевіча, радасць вялікая, але застаецца таксама няпэўнасць, ці ўрад прыме рашэнне Канстытуцыйнага суда.

– Як я буду бачыць надпіс “Урад гміны Грабаўка”, тады я буду ведаць, што гміна Грабаўка існуе. Думаю, што будзе тое самае, што і напрыканцы 2015 года, калі мы радаваліся, а ўрад усё адмяніў.

Жыхары Грабаўкі і навакольных вёсак цягам многіх гадоў вядуць змаганне за адлучэнне сваёй тэрыторыі ад гміны Супрасль. Калі два гады таму тагачасныя ўлады Польшчы вырашылі ўсталяваць новую падляшскую гміну Грабаўка, то паўгода пазней новы ўрад пастанову адмяніў.

Цяпер дэпутаты польскага Сойму Роберт Тышкевіч і Андрэй Галіцкі накіравалі запыт да ваяводы як мае выглядаць і калі пачнецца працэс адлучэння гміны ад Супрасля.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток