Гміна Міхалова каардынуе дзеянні па дапамозе мігрантам з няўрадавымі арганізацыямі



Гміна Міхалова каардынуе свае дзеянні ў сферы дапамогі бежанцам з няўрадавымі арганізацыямі, якія дзейнічаюць на мяжы і з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый. У пятніцу, 15 кастрычніка, бургамістр горада Марэк Назарка сустрэўся з прадстаўнікамі Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. Міхалова тыднямі падтрымлівае кампанію дапамогі мігрантам, якія затрымаліся на польска-беларускай мяжы.

Таксама ў выхадныя бургамістр Міхалова Марэк Назарка і старшыня рады гміны Марыя Анцыпюк запалілі зялёныя лямпачкі перад іх дамамі. Гэта паведамленне для мігрантаў, што яны знойдуць у гэтым доме экстраную дапамогу. Яны могуць разлічваць на: цёплую страву, змогуць абагрэцца і пераапрануцца, зарадзіць тэлефоны, атрымаць медыцынскую дапамогу, або лекі. Гэта акцыя, ініцыяваная жыхарамі памежнай з Беларуссю зоны.

Як паведамляюць прадстаўнікі мясцовых уладаў, у Цэнтр дапамогі бежанцам у Міхалове пастаянна прыходзіць дапамога звонку.

На мінулым тыдні Міхалова наведала акцёрка Вольга Болондзь і музыка Кшыштаф Залеўскі. Яны ад імя групы „Жанчыны кіно” даставілі падарункі: тэрмасы, батарэі для зарадкі тэлефонаў, абагравальнікі і г.д.

Беларускае Радыё Рацыя