Год “Людзей незалежнасці” у Беластоку
У Беластоку абвясцілі 2018 год – годам “Людзей незалежнасці”. Такое рашэнне прынялі радныя горада. Такім чынам яны вырашылі ўшанаваць памяць змагароў розных часоў, звязаных з горадам і рэгіёнам, у тым ліку паўстанцаў 1863-64 гадоў. На працягу некалькіх тыдняў збіраліся прапановы асоб, вартых ушанавання ў сувязі са стагоддзем абвяшчэння незалежнасці Польшчы.
Як кажа грамадскі актывіст Радаслаў Пуська, ён прапанаваў уключыць у спіс імя аднаго з кіраўнікоў паўстання – Кастуся Каліноўскага:
— Я не хаваю, што хацеў прасунуць асобу Кастуся Каліноўскага, бо Студзеньскае паўстанне таксама абмяркоўвалася. Разам з радным Назаруком мы вырашылі, што лепш будзе дапісаць, што за незалежнасць Польшчы змагаліся таксама і іншыя народы, якім была блізкая ідэя незалежнай Рэчы Паспалітай. І гэта ў выніку было ўключана ў пазіцыю Рады горада. Ну і вядома, там з’явіліся літаральна два прозвішчы: братоў Булак-Балаховчаў.
Адзначым, што імя Кастуся Каліноўскага і так ушанаванае ў Беластоку, бо адна з цэнтральных вуліц названая ў гонар аднаго з кіраўнікоў студзеньскага паўстання. Агулам у спісе, прынятым раднымі, – прозвішчы 22-х асоб, у тым ліку вядомых святароў – Ежы Папялушкі і Міхала Сапоцькі, жаўнераў польска-бальшавіцкай вайны, удзельнікаў антыкамуністычнага незалежнага падполля і гэтак далей.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя