У Супраслі прайшла сустрэча да гадавіны арыштаў кіраўніцтва Саюза палякаў Беларусі



Год таму з 23 па 25 сакавіка прайшлі арышты сярод кіраўніцтва Саюза палякаў у Беларусі. Старшыня Саюза Анжаліка Борыс і журналіст Анджэй Пачобут знаходзяцца за кратамі да гэтай пары. Іх трымаюць у СІЗА Жодзіна. Да гадавіны гэтай сумнай даты ў тэатры „Вершалін” у Супраслі адбылася тэматычная сустрэча. Панэльная дыскусія сабрала багата вядомых дзеячаў і палітыкаў. Адкрыла спатканне Анна Кетліньска, а вяла дыскусію Марыя Пшэломец.

Пасол Польшчы ў Беларусі ў выгнанні Артур Міхальскі мяркуе, што і Анжаліка і Анджэй ёсць героямі не толькі для польскай супольнасці, але і для Беларусі ўвогуле:

– Я глыбока веру ў тое, што яны, як вязні сумлення, не толькі як героі польскай прысутнасці ў Беларусі, але і героі ўсёй гэтай супольнасці, якая змагаецца за свабоду і гэтую свабоду атрымаюць. Спадзяюся, што не давядзецца доўга чакаць. Праблема ў тым, што мы ведаем, якая сітуацыя. Ведаем, хто кіруе ў Беларусі, які тэрор, колькі людзей трывае, рэжым не саступае, але не будзем губляць надзеі і чакаем свабоды.

Артур Міхальскі
На сустрэчу прыехаў міністр канцылярыі старшыні Рады Міністраў Польшчы Ян Міхал Дзедзічак
Выступае Пасол Сойму Роберт Тышкевіч

Год таму былі таксама арыштаваныя актывісткі Саюза палякаў Ірэна Бярнацкая з Ліды, Марыя Цішкоўская з Ваўкавыску і Ганна Панішава з Берасця, якія праз два месяцы арышту, пры садзейнічанні польскага боку, былі вывезеныя з Беларусі без права вяртання. Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут адмовіліся пісаць прашэнне аб памілаванні. Усім удзельнікам так званай „справы палякаў” інкрымінуецца частка 3, артыкула 130 Крымінальнага кодэксу, „распальванне нацыянальнай варожасці і рэабілітацыя нацызму”.

Удзельнікі панэльнай дыскусіі

Беларускае Радыё Рацыя