Горад Беласток і ФК «Ягелонія» падпісалі дамову аб супрацы
Горад Беласток і футбольны клуб «Ягелонія» перад пачаткам новага сезона падпісалі дамову аб супрацы пад назвай «Прамоцыя горада Беластока камандай, якая ўдзельнічае ў найвышэйшым футбольным дывізіёне сярод мужчын».
Дакумент падпісалі віцэ-прэзідэнт Беластока Рафал Рудніцкі і прэзідэнт «Ягелоніі» Агнешка Сычэўская.
Кажа Рафал Рудніцкі:
– Папярэднія гады былі гісторыяй поспеху. Два разы мы займалі другое месца, удзел у фінале Кубка Польшчы. У мінулым годзе было крыху горш. Такім чынам, мы спадзяемся, што зараз горад зноў прасуне сябе разам з „Ягелоніяй”, менавіта гэтыя поспехі вернуцца, і мы ўсе зможам разам радавацца дасягненням футбольнай каманды.
У сваю чаргу прэзідэнт «Ягелоніі» Агнешка Сычэўская выказала ўпэўненасць:
– Сапраўды, гэты апошні час у „Ягелоніі” – час вяртанняў. Вяртанне нашага трэнера Ірэнеуша Мамрота, вяртанне Міхала Паздана і Дані Кінтаны і вяртанне горада Беласток у якасці партнёра. Для нас вельмі важны партнёр. Няма „Ягелоніі” без горада. Без „Ягелоніі” няма горада Беластока. У нас агульная мэта. Перш за ўсё, каб вы ганарыліся клубам. Каб вы бачылі барацьбу і рашучасць на полі. Мы радыя, што заўтра пасля гэтых двух гадоў на стадыёне з’явіцца вялікая група заўзятараў.
Ужо заўтра беластоцкая «Ягелонія» хатняй гульнёй з гданьскай «Лехіяй» згуляе свой першы матч у чэмпіянаце Польшчы па футболе. Пачатак гульні ў 17. 30 паводле польскага часу. Беластоцкі стадыён паводле актуальных эпідэміялагічных правілаў можа быць запоўнены заўзятарамі толькі напалову.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя