„Горкі вопыт”



Людзям, якія ўвесь час знаходзяцца ў стане стрэсу, неабходна псіхалагічная падтрымка.

Гэта відавочна і тым больш актуальна падчас вайны, таму што ў дапамозе маюць патрэбу як мірныя жыхары, так і байцы. За год украінцы перажылі ўсе псіхалагічныя стадыі, у тым ліку і этап вычарпання. Хтосьці змог вярнуцца ў стан душэўнай раўнавагі і нават адаптаваўся да сігналаў паветранай трывогі, а хтосьці працягвае адчуваць татальную знямогу ў выглядзе дэпрэсіі.

Ракеты, разбураныя дамы, целы загінуўшых – усё знаходзіцца ў зоне бачнасці. Пры гэтым многія не разумеюць розніцу паміж псіхалагічнай і псіхіятрычнай дапамогай. Але псіхалогія – не галіна медыцыны, таму спецыяліст пры працы з чалавекам выкарыстоўвае сваю галоўную тэхніку – размову. А да псіхіятраў звяртаюцца людзі па медычную дапамогу. На днях у адным з самых паважаных амерыканскіх выданняў выйшаў рэпартаж пра ўкраінскіх абаронцаў, якія праходзяць рэабілітацыю ў Кіеўскім гарадскім псіхіятрычным шпіталі.

Яны бачылі вайну ва ўсіх гранях: не назіралі, а былі ў эпіцэнтры. Калі траплялі на ратацыю, то проста саромеліся звяртацца за дапамогай, бо дагэтуль існуе стэрэатып, што пацыент псіхіятра – непаўнацэнны чалавек. Героі рэпартажу – не толькі кадравыя вайскоўцы, многія з іх год таму мелі „мірныя” прафесіі. Адзін з байцоў пасля перажытай трагедыі страціў здольнасць размаўляць, іншы баіцца натоўпу, трэцяга мучыць адзін і той жа страшны сон. Пройдзе час, і яны вернуцца да нармальнага жыцця, хаця застанецца горкі вопыт ад перадавой. А хто вылечыць цэлую нацыю з яе вар’яцкім бункерным лідарам?

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя