Грамадзянін РФ вёз 120 кілаграм кантрабанднай ежы
120-ць кілаграмаў жывёльнай прадукцыі спрабаваў незаконна ўвезці з Беларусі ў Польшчу 55-гадовы грамадзянін Расеі. Кантрабанду забароненых тавараў выявілі супрацоўнікі Нацыянальнай падатковай адміністрацыі на польска-беларускім пераходзе ў Полаўцах.
Кажа прэс-сакратар падляшскіх мытнікаў Мацей Чарнецкі:
– Падчас кантролю аўтамабіля, якім кіраваў 55-гадовы расеец, супрацоўнікі выявілі харчовыя прадукты жывёльнага паходжання – мясныя і малочныя вырабы, тавары, увоз якіх у Еўразвяз забаронены. Падарожнік схаваў іх у ручным багажы. Знойдзеныя прадукты былі канфіскаваныя з мэтай іх утылізацыі. Мужчына быў пакараны штрафам у 1000 злотых.
Увоз прадуктаў жывёльнага паходжання ў ЕЗ (мяса і малочныя прадукты) строга рэгламентаваны. На ўсіх памежных пунктах пропуску ёсць дошкі і плакаты, якія паведамляюць пра забарону на ўвоз гэтага віду прадукцыі. Забарона прымяняецца ў сувязі з неабходнасцю абараняць еўрапейскі рынак ад хваробаў жывёл, сярод іншых АЧС (афрыканская чума свіней).
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: podlaskie.kas.gov.pl