Gramy dla Беларусі 2021. Канцэрт на TVP
Нацыянальны філарманічны аркестр, зоркі польскай музычнай сцэны і беларускія артысты выступяць у чацвер падчас канцэрта „Gramy dla Беларусі 2021”, які будзе выказваннем салідарнасці з гэтай краінай.
25 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень Волі – свята, якое не прызнаецца ўладамі, але гадамі адзначаецца беларускімі грамадзянамі, якія такім чынам дэманструюць сваю прыхільнасць свабодзе. Менавіта ў гэты дзень адбудзецца канцэрт салідарнасці з Беларуссю.
Арганізатарам канцэрта „Gramy dla Беларусі 2021” з’яўляецца Нацыянальны цэнтр культуры пры падтрымцы Міністэрства культуры, нацыянальнай спадчыны і спорту, TVP S.A. і Нацыянальнай філармоніі.
У праграме канцэрта – творы іконы польскай музычнай сцэны – Чэслава Немэна, які нарадзіўся і вырас у сённяшняй Беларусі, у новых аранжыроўках. Таксама мы пачуем песні NaviBand, напісаныя ў падтрымку леташніх пратэстаў беларускага грамадства, знакамітыя „Муры” Яцэка Качмарскага і хіт беларускага гурта „Ляпіс Трубяцкой” пад назвай „Грай”.
Канцэрт, які з-за эпідэміі пройдзе без удзелу гледачоў, можна паглядзець у 20:15 (польскага часу) у эфіры грамадскага тэлебачання – TVP Kultura, TVP Polonia, Biełsat TV, TVP Wilno, а таксама ў інтэрнэце ў Facebook і на сайце NCK.
Беларускае Радыё Рацыя