Група з 95 замежнікаў фарсіравала польскую мяжу



Польская памежная ахова паведаміла аб парушэнні мяжы з боку Беларусі групай з 95 мужчын – мігрантаў. Інцыдэнт здарыўся на ўчастку памежнай заставы ў Дубічах Царкоўных.

«Група з 95 мужчын фарсіравала мяжу. Два чалавекі вярнуліся ў Беларусь. Гэта маглі быць праваднікі», – паведамілі польскія памежнікі. Сярод затрыманых мігрантаў грамадзяне Конга, Эрытрэі, Самалі, Йемена, Сірыі, Егіпта. Парушэнне мяжы было зафіксавана з дапамогай электроннага бар’ера.

Усяго за 5 ліпеня польскі бок зарэгістраваў спробы 190 мігрантаў перайсці мяжу, у тым ліку група з 28 чалавек вярнулася на тэрыторыю Беларусі.

У Літве ўчора не было зарэгістравана спробаў парушэння мяжы. Латвійскія памежнікі паведамілі пра 67 мігрантаў.

Беларускае Радыё Рацыя