Гуманітарны груз „Салідарнасці” вернуты ў Польшчу (абноўлена)
Грузавік з 20-цю тонамі харчоў для беларускіх рабочых, якія бастуюць у знак пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту з боку праваахоўных органаў, вярнуўся з беларускага пункту пропуска Бераставіца на польскі пункт Баброўнікі. Пра гэта паведаміў старшыня падляшскай рэгіянальнай камісіі прафсаюза „Салідарнасць” Ёзэф Мазалеўскі:
– Не далі ніякіх папераў, толькі сказалі, што не пусцяць і ўсё. Фура стаіць на мяжы, патрэбныя паперы, бо беларускі бок паздымаў пломбы, таму трэба пачаць працэдуру вяртання тавару.
Ён таксама пракаментаваў выклік у польскае міністэрства замежных спраў беларускага амбасадара Уладзіміра Чушава, у тым ліку і ў справе гуманітарнага грузу „Салідарнасці”:
– Калі амбасадар мацнейшы за Лукашэнку, то можа вырашыць, але мяркую, што не. Рашэнне прымаў Лукашэнка, а не амбасадар, гэта здзек. Ёсць так, як ёсць.
Нагадаем пра тое, што пробная партыя гуманітарнай дапамогі ад прафсаюза „Салідарнасць” яшчэ пазаўчора каля 20-й гадзіны вечара заехала на памежны пункт пропуску Баброўнікі, потым пераехала на беларускі бок мяжы, але гуманітарны груз беларускі бок не прапусціў.
* * *
„Гэта не палітычная акцыя, а ўсяго толькі гуманітарная дапамога”, – паведаміў намеснік кіраўніка нацыянальнай камісіі польскага прафсаюза „Салідарнасць” Богдан Бішч. Грузавік з 20-ю тонамі гуманітарнага груза для беларускіх працоўных усё яшчэ знаходзіцца на беларускім баку памежнага пункту пропуска „Баброўнікі-Бераставіца”:
– Папрасілі нас аб дапамозе. Гэта гуманітарная дапамога, а не якая іншая. Мы дамовіліся, што самі не паедзем у Менск, каб не даваць нейкага поваду, што сябры “Салідарнасці” спрабуюць трапіць на беларускі бок. Мы застаёмся на мяжы. Просім і хочам, каб была магчымасць толькі для праезду гэтага грузавіка з харчовым грузам для тых, хто мае ў ім патрэбу.
Юзэф Мазалеўскі з падляшскай рэгіянальнай камісіі прафсаюза параўнаў сітуацыю ў Беларусі і Польшчы часоў „Салідарнасці”:
– Беларусы пратэстуюць як і мы пратэставалі ў 1980 годзе. Ніякі рэжым, ніякі лідар, калі пра яго можна так сказаць, з пісталетам у руцэ не стрымае тых сотняў тысяч пратэстуючых, пераследуемых, запалоханых. Гэта зараз практычна немагчыма.
Па словах прэсавага сакратара нацыянальнай камісіі прафсаюза „Салідарнасць” Марэка Левандоўскага, беларускі бок патрабуе дадатковых дакументаў:
– Напрыклад, кшталту, мусіць быць нейкі беларускі атрымальнік, які мае справу з імпартам, які б гэта фармальна купіў. Але гэта гуманітарная дапамога, яна не на продаж. Інашая опцыя, што на дапамогу можа прыйсці беларускае МЗС. Але гэта таксама вельмі сумнеўна, бо з’явіліся б нейкія стасункі – наша МЗС мусіла б звязацца з беларускім МЗС. Усё паказвае на тое, што гэта робіцца, каб нам перашкодзіць.
Таксама Марэку Левандоўскаму стала вядома, што на кіроўцу грузавіка мог аказвацца ціск:
– Па непацверджаных пакуль дадзеных, прыехалі прадстаўнікі беларускага КДБ, яго абшукалі, спрабавалі яго неяк застрашыць. Уся гэта інфармацыя не да канца пацверджаная. Хаця гэта мажліва і праўдападобна. Яны павялічваюць колькасць фармальнасцей, а грузавік стаіць там, дзе стаяў. А мы думаем, што рабіць далей. Усё паказвае на тое, што мы яго вернем з мяжы. Мы гэтага і баяліся.
Як ужо паведамлялася, польскі прафсаюз «Салідарнасць» стварыў адмысловы фонд у дапамогу беларусам, якія звольнены з працы за страйкі ў знак нязгоды з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, а таксама ўсім, хто пацярпеў ад гвалтоўных дзеянняў уладаў падчас разгону мірных дэманстрацый пратэсту.
***
На памежным пераходзе Баброўнікі -Бераставіца ўсё яшчэ чакаюць гуманітарны груз для беларускіх працоўных, які арганізаваў прафсаюз «Салідарнасць» па просьбе Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў. Затрымка выкліканая мытным афармленнем 20-тоннага грузу з мяснымі і рыбнымі кансервамі.
Кажа прэсавы сакратар нацыянальнай камісіі прафсаюза «Салідарнасць» Марэк Левандоўскі:
Прадстаўнікі польскага прафсаюза «Салідарнасць» спадзяюцца, што беларускі бок не стане палітызаваць звычайны гуманітарны груз і чыніць перашкоды з перамяшчэннем праз мяжу.
Беларускае Радыё Рацыя