Гунтыс Пуятс: Беларускі бок спрабуе ўзброіць мігрантаў



Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс у эфіры латвійскага тэлебачання заявіў, што яму паступалі звесткі пра спробы беларускага боку ўзброіць мігрантаў.

Паводле яго слоў, спецслужбы Беларусі спрабавалі „угаварыць парушальнікаў мяжы ўзброіцца і ажыццявіць агрэсію супраць Дзяржаўнай пагранічнай аховы”, піша LSM. Зброя нібыта прапаноўвалася мігрантам перад спробай перасекчы мяжу. Трэба адзначыць, што ў публікацыі не прыводзіцца ніякіх дэталяў прыведзеных звестак. Пуятс таксама абвінаваціў беларускіх памежнікаў у іншых правакацыях.

„Супраць памежнікаў Латвіі скіраваная вербальная агрэсія з боку службаў Беларусі. Мы сочым, вядома, і за тым, што адбылося ў Польшчы, дзе да польскіх памежнікаў быў ужыты фізічны гвалт. Ацэньваем магчымасць такіх рызыкаў як даволі высокую”, – сказаў ён.

Нагадаем, нядаўна Памежная ахова Польшчы паведамляла пра інцыдэнт, калі трое мігрантаў кідалі праз агароджу камяні ў патруль.

Пуятс зазначыў, што ў Латвіі чакаюць павелічэння спроб парушыць мяжу з боку Беларусі пасля з’яўлення рэйсаў у Менск з Ірана.

Латвія, як Літва і Польшча, таксама будуе агароджу на мяжы з Беларуссю. Поўнасцю ўзвядзенне загароды працягласцю 130,6 кіламетраў плануецца ў 2024 годзе.