Гурт Ilo&friends выступіць на фестывалі Interphoto
29 верасня ў Оперы і Філармоніі Падляскай гурт Ilo&friends выступіць у межах вялікага маштабнага і міждысцыплінарнага фестывалю Interphoto, які праходзіць у Беластоку і ахоплівае ўвесь горад. Трэці раз мерапрыемства ставіць сваёй мэтай замацаванне міжнароднай платформы для абмену вопытам і думкамі мастакоў з Усходняй і Заходняй Еўропы.
Кажа Ілона Карпюк, салістка гурта Ilo&friends:
– Традыцыйна ўжо на фестывалі ёсць нейкі канцэрт. Былі розныя выканаўцы, на гэты раз будзе гурт з Беластоку Ilo&friends, і гэта, сапраўды, нас вельмі радуе. Будзем прэзентаваць сваю аўтарскую творчасць, выбар песень розных часоў. Але ўсё ж такі апошнія два альбомы – і новыя песні, над якімі працуем апошнім часам, паявяцца, напэўна, песні на беларускай мове. Удзельнікі вернісажу і фестывалю Interphoto – таксама з розных краінаў, нам будзе прыемна прэзентаваць сваю беларускамоўную творчасць як паказчык разнастайнасці людзей, якія жывуць у Беластоку ці на Падляшшы.
У выкананні Ilo&friends таксама прагучаць песні на польскай і ангельскай мовах. Канцэрт прымеркаваны да вернісажу 3 выстаў у Оперы і Філармоніі Падляскай. Пачатак канцэрта а 20.30, уваход вольны.
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: zbsb.org