Гурты народных спеваў з Падляшша і Беларусі выступілі ў Варшаве
Падляшскі калектыў «Жэмэрва» разам з менскім гуртом «Рада» і дзіцячым калектывам «Калыханка» з аграгарадка Міханавічы Менскага раёна далучыліся да агульнапольскай дабрачыннай акцыі «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» (Wielka orkestra świątecynej pomocy). Гаворыць удзельніца гурта «Жэмэрва» Анна Фіёнік:
– Вельмі добра атрымалася, бо маглі мы прыехаць не толькі самі як калектыў «Жэмэрва», але і прывезці гасцей з Беларусі: калектыў «Калыханка» з Міханавічаў з-пад Менска і калектыў «Рада» з Менска. З імі мы калядавалі на Падляшшы, у Бельску Падляшскім, на Шчодры вечар, 13 студзеня. А 14 студзеня, у Новы год, змаглі з імі прыехаць у Варшаву і пакалядаваць тут.
Святочны канцэрт адбыўся ў цэнтры прамавання культуры варшаўскага раёна Прага Поўдзень, працягвае ўдзельнік гурта «Рада» Васіль Мардачоў:
– Патрапілі мы сюды па запрашэнні гурта «Жэмэрва». Мы ўжо досыць доўга і шчыльна супрацоўнічаем і сябруем з Дарафеем Фіёнікам з Бельска. Гэты чалавек вельмі шмат робіць для беларускай справы на Падляшшы. Асноўная наша мэта – захаваць песні. Мы іх не аздабляем, а спяваем менавіта так, як пачулі ад іх носьбітаў. І даносім гэтыя песні да слухачоў.
Студыя традыцыйнага фальклору “Жэмэрва” пры Музеі малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах, што пад Бельскам, дзейнічае з 2003 года. Падчас імпрэзы, апроч спеваў, фальклорныя калектывы прадэманстравалі варшаўскай публіцы беларускія і падляшскія калядныя абрады.
[Not a valid template]
Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара