Гжэгаж Схетына і палітыкі Грамадзянскай платформы ў Беластоку
Палітыкі Грамадзянскай платформы патрабуюць адмены рашэння пра скасаванне візаў на закупы для беларусаў.
На гарадскі кірмаш ў Беластоку прыехалі самыя важныя палітыкі партыі, між іншым старшыня Гжэгаж Схетына, Барбара Навацкая, Барташ Арлуковіч ды мясцовыя Роберт Тышкевіч і Томаш Франкоўскі. Паводле іх, скасаванне візаў на закупы адмоўна адаб’ецца на падляшскай эканоміцы ды памежных стасунках. Як кажа старшыня Грамадзянскай платформы, на гэтым рашэнні страцяць не толькі беларусы, але таксама і беластоцкія прадпрымальнікі.
– Неабдуманае рашэнне, якое шкодзіць пальскай эканоміцы, прадпрымальніцтву. Якое перашкаджае стварэнню новых месцаў працы, зарабленню грошай. Такое рашэнне павінна быць адмененае.
З другога студзеня польскі ўрад скасаваў візы на закупы для грамадзян Беларусі. Паводле жыхароў Менска, якія прыязджаюць у Беласток, найлепш, каб не было цяжкасцей на польска-беларускай мяжы:
– Лепш увогуле без візаў. Часцей можна было б прыязджаць.
– Правільна было б. Шмат родных у прыгранічнай зоне. Я толькі за.
– Нам горад ваш падабаецца. Мы і ў аквапарку паплаваем у вас, і пагуляем.
З году ў год беларусы штораз менш купляюць у падляшскіх крамах. Паводле дадзеных мытнікаў, у 2018 годзе грамадзяне Беларусі купілі тавараў на 618 мільёнаў злотых. Гэта на 50 мільёнаў меньш, чым у 2017 годзе. Яшчэ ў 2014 годзе беларусы купілі на Падляшшы тавараў на мільярд злотых.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота Wojciech Wojtkielewicz