Першы Міжнародны дзень беларускай адукацыі (абноўлена)
У Беластоку завершыў працу І Міжнародны дзень беларускай адукацыі. Больш за 80 чалавек зарэгістраваліся і прысутнічалі на гэтай канферэнцыі.
Заключнае слова ўзялі арганізатары мерапрыемства.
* * *
Пра канцэпцыю дадатковага навучання па прадметах беларускага кампанента ў польскім адукацыйным асяроддзі прысутным распавядае Алесь Лозка.
Пра асаблівасці і перспектывы развіцця нядзельнай беларускай школкі ў Беластоку распавядае Ганна Плашчынская.
Пра адаптацыю дзяцей з Беларусі да польскай сістэмы адукацыі распавёў Ягор Сурскі.
Дыскусійная панэль другой лекцыйнай сесіі, прысвечаная выкладанню беларускай мовы і культуры нацыянальнай меншасці, выдалася гарачай.
* * *
“Вельмі важна аб’ядноўваць сілы і досвед беларускай нацыянальнай меншасці і беларускай дыяспары ў пытанні адукацыі дзяцей на роднай мове”, – адзначыла намесніца старшыні аб’яднання АБ-БА Ілона Карпюк падчас першага Міжнароднага дня беларускай адукацыі ў Беластоку:
-Нам, беларускай меншасці, вельмі прыкра, калі нашыя дзеткі ідуць на беларускую мову, а дзеткі з Беларусі, якія вучацца з імі ў адным класе, не ідуць на беларускую мову. І гэтае пытанне адносна доўга вырашаецца. Занадта доўга. З другога боку бачым, што ў іншых гарадах Польшчы жывуць беларускія дзеці, якія прыехалі ў Польшчу. Рознае ёсць зацікаўленне бацькоў гэтых дзяцей да беларускай мовы. Вядома, адны выхаваныя ў расейскамоўнай культуры, а для іншых гэта справа жыццёвая, важная, сямейная, нацыянальная.
“Гэта вялікі выклік для нас”, – кажа ў сваю чаргу старшыня Беларускага саюза ў Польшчы Яўген Вапа:
-У сітуацыі, у якой апынулася і беларуская дыяспара, і Беларусь, і меншасць у Польшчы, нам трэба, каб зафункцыянавала асвета ўзроўня прадшколля, пачатковая школа, сярэдняя школа, аж да ўніверсітэта. Ва ўніверсітэты мы столькі разоў падыходзілі на Беласточчыне з пачатку 90-х гадоў. Чарговыя гады гаворым, а сітуацыя што раз горшая. Не будзе беларускай дзяржаўнасці, калі не будзе ў ёй беларускай асветы.
Падчас першага Міжнароднага дня беларускай адукацыі ў Беластоку прайшлі прэзентацыі розных адукацыйных пляцовак у Польшчы і Літве. Таксама сваім досведам падзяліліся прадстаўнікі паланійных арганізацый.
* * *
Іаанна Марко і Рыгор Назарук прэзентуюць працу з навучэнцамі Непублічнай пачатковай школы святых Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку.
Формы выкладання беларускай мовы ў Пачатковай школе нумар 4 імя Сібіракоў прэзентуе Аліна Ваўранюк.
Пачалася другая панэль з прэзентацыяй навучальных установаў з дадаковым выкладаннем беларускай мовы на Падляшшы.
Першая панэль завяршылася абмеркаваннем паланійных школ за межамі Польшчы.
* * *
***
Без беларускай адукацыі не будзе беларускай дзяржавы і не будзе беларусаў за мяжой. Гэта адна з галоўных ідэй правядзення першага Міжнароднага дня беларускай адукацыі, які распачаўся ў Беластоку.
Кажа адзін з яго арганізатараў, дэпутат польскага Сейма – Робэрт Тышкевіч:
– Тут адбываецца сустрэча трох супольнасцяў: беларускай дыяспары, беларускай меншасці ў Польшчы і прадстаўнікоў польскіх школ, якія працуюць за межамі Польшчы. Мэта канферэнцыі – выпрацаваць новыя метады дзейнасці, новыя імпульсы і паказаць новыя магчымасці арганізацыі беларускамоўнага навучання для дзяцей беларускай дыяспары. Гэта гістарычны выклік. У самой Беларусі няма незалежнай нацыянальнай адукацыі. Гэтая адукацыя павінна нарадзіцца на эміграцыі, павінна паўстаць у дыяспары.
Алесь Зарэмбюк з Беларускага Дома ў Варшаве адзначае, што развіццё беларускай асветы за мяжой стане асновай для беларускай нацыянальнай адукацыі ў самой Беларусі. Ён кажа пра вялікую важнасць Міжнароднага дня беларускай адукацыі:
– Вельмі важна, асабліва зараз, калі мы маем пагрозу знікнення абавязковай мовы навучання ў нашых адзіных ліцэях з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы. І гэта вельмі важна. І гэта вельмі добры прыклад, які трэба захаваць у Польшчы. Бо калісьці, і я ў гэтым перакананы, пачнецца адбудова беларускай адукацыі ад Гародні да Магілёва.
Першы Міжнародны дзень беларускай адукацыі працуе сёння да самага вечару. Мерапрыемства адкрытае для ўсіх ахвотных і адбываецца на факультэце матэматыкі ўніверсітэта ў Беластоку.
***
У Беластоку пачала працу Канферэнцыя «I Міжнародны дзень беларускай адукацыі». Мерапрыемства прысвечана практычна-арганізацыйным праблемам наладжвання навучання на беларускай мове ў Польшчы.
Праграма канферэнцыі ўключае ў сябе выступы, лекцыі, дыскусіі, выставы і прэзентацыі школ, якія пройдуць з 10-00 да 17-30. Месца правядзення: Універсітэт у Беластоку, вул. Цыялкоўскага 1М, ф-т матэматыкі, заля 2001.
Яна Запольская, Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя, фота розных аўтараў