Ідэя міратворчай місіі на Данбасе цалкам рэальная (абноўлена)



Польшча гатовая прыняць удзел у міратворчай місіі на ўсходзе Украіны. Пра гэта заявіў у эфіры RMF FM міністр замежных спраў краіны Гжэгаж Схетына. Аднак удзел Польшчы ў такой місіі ён звязаў з фактычным прыпыненнем агню, і адпаведным рашэннем Рады Бяспекі ААН. Пры гэтым міністр не верыць у дасягненне неабходных перадумоваў.

Як адзначае польскі эксперт, сябра польска-ўкраінскага форуму Анджэй Шэптыцкі, такая заява носіць хутчэй сімвалічны характар, бо для міратворчай місіі Еўразвязу патрэбная згода не толькі Украіны, але і прарасейскіх баевікоў:

– Калі мець на ўвазе, што ў гэтым пытанні няма згоды, то разважанне на гэтую тэму досыць прывабнае. І такім сімвалічна-палітычным, пад тытулам: «трэба штосьці добрае сказаць – то мы сказалі». Гэты праект не толькі польскі, ён тычыцца і іншых краін.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Напярэдадні, у час удзелу ва ўрачыстасцях у памяць ахвяраў Еўрамайдану, ідэю высылкі паліцэйскай місіі Еўразвязу з мандатам Рады бяспекі ААН падтрымалі прэзідэнты Польшчы і Латвіі.

Украіна на мінулым тыдні накіравала адпаведныя звароты ў Раду бяспекі ААН ды Еўразвяз, каб прызначыць міратворчую місію на Данбас.

* * *

Польшча і Латвія падтрымліваюць ідэю міратворчай місіі Еўразвязу на Данбасе. Пра гэта ў час візіту ў Кіеў заявілі прэзідэнты гэтых краін. Пытанне еўразвязаўскіх міратворцаў абмяркоўваў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка са старшынём Еўрапейскай рады Дональдам Тускам і віцэ-старшынём Еўрапарламенту Рышардам Чарнэцкім, паводле якога – ідэя вартая ўвагі, але могуць узнікнуць праблемы з яе рэалізацыяй.

– Каб гэта была ініцыятыва Савета Бяспекі ААН, патрэбнае адзінагалоснае рашэнне Савета Бяспекі. А кожная з пяці краін мае права вета. Таму тут могуць быць складанасці. Але, магчыма, што ўвод аддзелаў міратворцаў па дэмаркацыйнай лініі мог бы быць падтрыманы Расеяй.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Рашэнне пра зварот Украіны ў Раду бяспекі ААН адносна выдачы мандату міратворчай місіі на Данбасе было прынятае пасля здачы Ўкраінай мясцовасці Дэбальцава, і пасля фактычнага зрыву перамір’я. Паводле Прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, Кіеў хоча, каб міратворчая місія складалася з паліцэйскіх сілаў Еўразвязу.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Reuters