Ігар Ісаеў: Мігранты на мяжы – закладнікі Лукашэнкі, як і ўсё беларускае грамадства
Ідзе 9-ы дзень актыўнай фазы міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы. Агульная карціна падзей хаатычная, але галоўнае месца ў ёй працягваюць займаць мігранты, якія прыбываюць высілкамі групоўкі ўладных структур і адпаведных арганізацый Беларусі, Расеі і Турцыі. Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – журналістам, экспертам працоўнага агенцтва з Варшавы „VIPol”, Ігарам Ісаевым пра тое, ці гатова Польшча прыняць такую колькасць мігрантаў, што можа зрабіць для вырашэння крызісу польскі ўрад і якіх мэтаў дамагаюцца Лукашэнка і Пуцін ва ўсёй гэтай сітуацыі.
РР: Калі ласка, распавядзіце, у якой сферы вы працуеце з мігрантамі і ці здараўся падобны міграцыйны крызіс раней?
Ігар Ісаеў: Я працую ў агенцыі працы, гэта ўкраінская фірма ў Польшчы, якая заснавая ўкраінцамі, але мы ўладкоўваем на розныя прадпрыемствы Польшчы ўкраінцаў і беларусаў.
Міграцыя – гэта вельмі складанае паняцце, звязанае з сучаснымі глабальнымі выклікамі. У выпадку з нашай фірмай, міграцыя – гэта якраз паняцце пазітыўнае з усіх бакоў, таму што польскія працадаўцы вельмі высока цэняць і беларусаў, і ўкраінцаў як працаўнікоў, і іх працаздольнасць. Украінцы і беларусы вельмі цэняць польскім працадаўцаў таксама.
Польскія працадаўцы ў апошнія гады, мы гэта добра бачым, увесь час спрабуюць нейкім чынам палепшыць умовы працы сваіх працаўнікоў. Прадастаўляюць бясплатнае жыллё, харчаванне, нейкія дадатковыя паслугі, каб яны камфортна пачувалі сябе ў працы. І ў нас часам з’яўляюцца такія выказванні працаўладкаваных, што Польшча да іх ставіцца лепш, чым у іх краінах. Хаця, калі яны сюды ехалі, думалі, што іх тут падмануць і г.д. То бок з пункту гледжання грамадства і бізнесу, міграцыя – гэта вельмі станоўчая з’ява для Польшчы.
Тое, што мы бачым, вось усе гэтыя кадры з мяжы – гэта абсалютна ў палітычнай плоскасці. Мы як краіна, не толькі Польшча, а таксама Германія, іншыя краіны, на самой справе маем патрэбу ў мігрантах. Маем патрэбу ў маладых мігрантах, якіх мы таксама бачым там на мяжы.
І калі гэтыя людзі аказваюцца зняволенымі паміж сілавымі структурамі дзвюх краін, – гэта ўжо стварэнне такой карцінкі. Мне падаецца, што гэта гульня і з боку Лукашэнкі, і, на жаль, таксама і з боку Еўрапейскага звязу. Але з іншага боку ў краінах Блізкага Усходу ёсць шмат тэхнічных спецыялістаў, якія вельмі запатрабаваныя на рынку працы. Калі б наш урад больш разумней паступаў, ён бы стварыў з міграцыйнага патоку сабе карысць. І для гэтых людзей, якія просяцца ў Еўрапейскі звяз, і для сябе таксама. Таму што гэта маладыя людзі. Калі яны гатовыя працаваць і развіваць эканоміку, то гэта людзі, якія неабходныя на еўрапейскім старэючым рынку працы.
РР: З афіцыйных крыніц вядома, што канчатковая мэта мігрантаў не Польшча, а Германія. На вашу думку, ці змогуць яны туды ўсе патрапіць?
Ігар Ісаеў: Гэтыя людзі ўжо трапляюць у Германію. З аднаго боку польскія і літоўскія ўлады спрабуюць стварыць карцінку, што мы сілай ахоўваем мяжу, стражы гэтай знешняй еўрапейскай мяжы, а аказваецца, што ў Германіі, ва ўсходніх германскіх рэгіёнах, шмат людзей, якія якраз перайшлі праз гэтую самую мяжу з Польшчы і з Літвы. То бок гэтыя ўцекачы-мігранты, якіх мы бачым, і якія захраслі паміж гэтымі двума войскамі, – гэта тыя, якіх не паспелі своечасова забраць людзі, якія перавозяць іх у Нямеччыну.
Мне казалі людзі, якія працуюць там у памежнай зоне, што большая частка гэтых людзей якраз трапляюць у Германію. Іх проста там на нейкіх пунктах забіраюць каля лесу і перавозяць туды.
Не пашанцавала тым, якія якраз захраслі. Яны з’яўляюцца закладнікамі паміж дыктатарскім рэжымам Беларусі і польскімі, літоўскімі ўладамі, якія спрабуюць гуляць гэтымі антымігранцкімі настроямі. Не ведаю як у Літве, але ў Польшчы ўлады абсалютна не чакалі таго, што Лукашэнка зробіць на мяжы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя