Ігар Лукашук: Двухмоўны клас – гэта вялікі крок наперад



Чэрвень – не толькі пара заканчэння заняткаў ў польскіх школах ды ліцэях. Гэта час падсумавання таго, што было зроблена за навучальны год, а таксама акрэслення планаў на лета і на новы школьны сезон, які распачнецца ў верасні.

Пра жыццё і перспектывы белліцэя ў Гайнаўцы расказвае дырэктар Ігар Лукашук.

РР: Што зараз у вашых  планах?

Ігар Лукашук: У гэтым годзе паўстала такая ініцыятыва з боку бацькоў і вучняў, каб увесці двухмоўнае навучанне. І, думаю, што з верасня мы адкрыем адзін клас з двухмоўным навучаннем, дзе частка заняткаў будузе весціся на польскай і беларускай мовах. Такога яшчэ ў нашых сярэдніх і пачатковых школах не было. Мы яшчэ дакладна не вырашылі, якія прадметы будуць выкладацца на двух мовах. Па законе, мінімум чатыры прадметы павінны выкладацца адначасова па-польску і па-беларуску.

РР: Як тэхнічна гэта выглядае?

Ігар Лукашук: Адзін настаўнік, які вядзе заняткі, частку іх праводзіць на польскай мове, частку – на беларускай. Калі, напрыклад, маем заняткі па музыцы, то на адных занятках вучні вывучаюць польскую песню, на наступных – беларускую.

Цяпер у нас на навучанне беларускай мовы адведзена тры гадзіны ў тыдзень заняткаў па беларускай мове і літаратуры. У другім класе ліцэя ёсць дадаткова адна гадзіна гісторыі і культуры беларускай нацыянальнай меншасці.  Усе астатнія прадметы вядуцца на польскай мове. Таму той момант, калі частка заняткаў будзе весціся на двух мовах , – гэта крок наперад.

РР: Якія плады прынёс візіт беларускай дэлегацыі Мінадукацыі на Падляшша?

Ігар Лукашук: Як бы цяжка сказаць, што ён прынёс нейкія плады. Ды і мэта была іншая. Як я мяркую, мэтай візіту было ўбачыць і пачуць, што адбываецца ў плане адукацыі беларускай нацыянальнай меншасці тут, на Беласточчыне. Я думаю, што менавіта такія чаканні былі ад гэтага візіту.

РР: Ёсць яшчэ меркаванне, што сюды прыехалі падтрымаць дапаможнікамі, кнігамі.

Ігар Лукашук: Зразумела так. Мы атрымалі кампутар з дапаможнікамі, якія на ім запісаныя.  Будзем гэта ўсё вывучаць. Ёсць там матэрыялы і для меншых дзетак, не толькі для ліцэістаў. Мы маем дазвол на тое, каб гэтымі матэрыяламі падзяліцца з усімі іншымі навучальнымі ўстановамі, якія жадаюць іх атрымаць.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Гутарыла Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя