Ігар Лукашук: З 1-га верасня ў нашым ліцэі з’явяцца двухмоўныя класы



Вывучаць геаграфію, музыку ці інфарматыку па-беларуску змогуць вучні Ліцэя з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы.

У гэтым школьным годзе ўпершыню ўводзяцца групы, дзе навучанне некаторых прадметаў будзе на дзвюх мовах – па-беларуску і па-польску, – кажа дырэктар школы Ігар Лукашук.

– Двухмоўны клас – гэта такі, у якім частка прадметаў будзе выкладацца паралельна на польскай і беларускай мовах. Магчыма, гэта будзе пяць прадметаў. Ад 1 верасня пачынаем. Плануецца музыка, адукацыя для бяспекі, геаграфія, спрабуем вучыць ангельскай мове па-польску і па-беларуску, інфарматыка таксама, вучні будуць працаваць з беларускімі сайтамі, з беларускім тэкстам.

Дырэктар школы адзначае, што адзнакі па канкрэтных прадметах, заняткі якіх стануць двухмоўныя, будуць за веды па прадмету, не за веданне мовы. Прычым беларуская мова застаецца таксама як прадмет навучання.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя