Ігар Палынскі: Беларусь для мяне не проста тэрыторыя, на якой нарадзіўся
Міхась Андрасюк пагутарыў у студыі Радыё Рацыя з журналістам, музыкам гурта „Sumarok” і паэтам Ігарам Палынскім.
РР: Ігар Палынскі – журналіст, музыка, паэт. Гэта ў алфавітным парадку. А калі б гэты парадак прыйшлося вызначаць сэрцам, на першым месцы што б Вы паставілі?
Ігар Палынскі: Вельмі складана адказаць на гэтае пытанне, бо я не магу ўявіць сябе ані без музыкі, ані без журналісцкай працы, якой я прысвяціў фактычна ўсё сваё свядомае жыццё.
РР: У 2017 годзе вы закончылі інстытут журналістыкі БДУ. Працавалі ў газеце «Полацкі веснік», на тэлеканале «Саміт+ТV», у маладзечанскай «Рэгіянальнай газеце». Журналістыка ў Беларусі – гэта рызыкоўная прафесія. Ужо пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў можна сказаць, што журналісты – гэта першая лінія фронту. Менавіта журналістыка стала прычынай эміграцыяй у вашым выпадку?
Ігар Палынскі: І журналістыка, і музыка. Як ні дзіўна, прадстаўнікам так званых праваахоўных органаў стала вельмі цікава, што хаваецца за маімі песнямі. І наколькі мне вядома, нават замаўлялі лінгвістычную экспертызу некаторых нашых твораў. Цікава, што яны хацелі там знайсці. Я заўсёды кажу, што пісаў песні пра каханне да моманту, пакуль нават гэта ў Беларусі не стала пад забаронай. І пасля мы трошачкі ў 20-ым годзе запісалі некалькі песень з такой, не скажу што яркай, але з палітычнай афарбоўкай. Бо маўчаць у той сітуацыі, якую мы назіралі ў 2020-ым музыкантам, мне здаецца, проста не правільна. Бо творца застаецца заўсёды чалавекам.
РР: У апошнія паўтара года шмат якія музыкі патрапілі нават за краты. З гуртом «Sumarok» як было? Быў ціск на вас?
Ігар Палынскі: Непасрэдны ціск, каб з пагрозамі тэлефанавалі, такога аж да моманту майго ад’езду не было. Аднак яшчэ ў больш-менш мірныя часы я сутыкаўся з пэўнымі перашкодамі. У Полацку мы спрабавалі ладзіць канцэрты. Часам паспяхова, часам не вельмі. Аднойчы, перад Днём роднай мовы, захацелі зладзіць невялічкі выступ у Полацку каля памятнага знаку літары «Ў». І сутыкнуліся, скажам так, з моцным непаразуменнем мясцовых уладаў. І было фактычна папярэджанне, што лепш не трэба, інакш не гарантуем.
РР: Калі Вы з’ехалі з Беларусі?
Ігар Палынскі: З Беларусі з’ехаў у сярэдзіне ліпеня 2021 году, абсалютна не плануючы гэтага. Я заўсёды кажу, што мне вельмі складана ўзгадваць гэтыя дні, бо для мяне Беларусь – гэта не проста слова, не проста тэрыторыя, на якой нарадзіўся, для мяне гэта ў некаторай ступені сродак і мэта, як спявае Піт Паўлаў. Я не збіраўся нікуды, я не рыхтаваўся не да чаго. У мяне не было ні візы, ні якіхсьці планаў. Але, у нейкі момант, проста мне адзін добра знаёмы чалавек напісаў, падумай, што адбываецца. Што адбывалася ў тыя дні мы памятаем, гэта быў чарговы ціск на беларускія незалежныя медыі. Ужо папрыходзілі амаль ва ўсе рэгіянальныя выданні. І я быў перакананы, што проста пытанне часу. І як паказала пасля гісторыя, я з’ехаў, і праз два дні прыйшлі ў рэдакцыю. У гэты момант я зразумеў, што прыняў правільнае рашэнне.
Цалкам размова:
Размаўляў Міхась Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя