Ілона Карпюк-Дамброўская: Беласток дэкларуе сябе шматкультурным, але ў гэтым кірунку яшчэ шмат працы



У Беластоку сабралася група людзей, якія маюць жаданне думаць пра развіццё горада як камфортнага месца жыцця для ўсіх. Кажа лідарка калектыву Ilo&friends, каардынатарка мастацкіх праектаў у Падляшскай оперы і філармоніі, якая вылучаецца на мясцовых выбарах у Польшчы у Раду горада ад “Ініцыятывы для Беластока” – Ілона Карпюк-Дамброўская.

Таксама на ўдзел у выбарах яе падштурхнула жаданне стаць свядомай часткай жыцця горада і беларускай нацыянальнай меншасці:

— Тое, што я спачатку дзейнічала ў сярэдняй школе, а пасля, у студэнцкія часы, у студэнцкай арганізацыі, тое, што і цяпер з’яўляюся сябрам беларускіх арганізацый, гэта таксама ў нейкім сэнсе палітычны выбар у нашай краіне. Калі меншасць ёсць меншасцю гадамі, мусіць дбаць пра сваю прысутнасць у грамадскай прасторы. І, каб пазначаць сваю прысутнасць, і каб змагацца за свае правы.

Ілона Карпюк-Дамброўская заўважае, што хоць Беласток і дэкларуе сябе як горад шматкультурны, але ў гэтым напрамку застаецца яшчэ шмат працы. Мясцовыя выбары ў Польшчы пройдуць 21 кастрычніка. Многія кандыдаты ад “Ініцыятывы для Беластока” і партыі “Разам” у сваіх перадвыбарчых улётках і плакатах выкарысталі таксама беларускую мову.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя