Ілюстрацыі Маргарыты Дмітрук намінаваны ў плебісцыце блогераў “Лакаматыў”



Ілюстрацыі Маргарыты Дмітрук да кніжкі “Войтэк” Войцеха Мікалушкі намінаваны ў сёлетнім плебісцыце кніжных блогераў “Лакаматыў”, у якім адзначаюцца найлепшыя кніжкі для дзяцей і моладзі. Мастачка родам з Бельска-Падляшскага намінаваная ў катэгорыі – „Вобраз”.

“Ілюстрацыі нагадваюць народнае мастацтва і адначасова суправаджаюць тэкст. Яны вышытыя ніткамі з выразнай фактурай, дапоўненыя жывапісам – выбар тэхнікі выканання ілюстрацый адпавядае тэме кнігі,” – адзначаецца ў намінацыі. Праца над ілюстрацыямі да кнігі “Войтэк” стала для мяне своеасаблівымі канікуламі на родным Падляшшы – распавядае Маргарыта Дмітрук.

– Гэта ілюстрацыі, якія я рабіла, я іх малявала, пасля падшывала. Пасля ізноў малявала, падшывала і так працавала над выставай ілюстрацый да гэтай кніжкі. А так сталася ў гэтым годзе, што на канікулы мы з дочкамі на Падляшша не паехалі. Засталіся ў Варшаве. Можна  сказаць, што сваімі думкамі я была на Падляшшы.

Плебісцыт  “Лакаматыў” ладзяць кніжныя блогеры, якія вылучаюць найлепшыя кніжкі для дзяцей і моладзі. Намінацыі прызнаныя ў шасці катэгорыях. Свае галасы карыстальнікі Інтэрнэту змогуць аддаваць да 31 студзеня.  Ілюстрацыі Маргарыты Дмітрук у снежні мінулага года былі вылучаны на прэстыжную прэмію ІББІ  польскай секцыі міжнароднай арганізацыі, якая займаецца папулярызацыяй кніжак для дзяцей і моладзі.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя