Імі ганарыцца Саколка



„Дзякуючы ім Саколка вядомая не толькі ў Польшчы, але і ва ўсім свеце,”- сказала бургамістр Саколкі падчас адкрыцця стэндаў прысвечаных знакамітым землякам. Урачыстае адкрыццё стэндаў у гонар заслужаных дзеячаў Сакольшчыны прайшло каля кінатэатра „Сокал”. Зараз кожны жадаючы зможа больш даведацца пра Яна Тарасевіча, Валерыя Урублеўскага, Стэфана Мустафу Ясінскага.

На ўрачыстым адкрыцці дошак прысутнічаў міністр Яраслаў Говін:

– Трэба помніць пра былыя пакаленні, трэба помніць пра тых, хто пакінуў свой след у гісторыі Саколкі, у гісторыі гэтага рэгіёну, Польшчы, а часам іх уплыў перасягаў межы нашай краіны.

Ганна Кандрацюк-Свярубская, аўтарка кніга пра Яна Тарасевіча:

– Зроблена яшчэ адна прыступка адкрыцця Яна Тарасевіча. Я лічу, што Ян Тарасевіч і надалей з’яўляецца дастаткова вядомым кампазітарам. Маёй марай ёсць, каб яшчэ неяк мабілізаваць людзей, каб аднавіць ягоны помнік на могілках.

Бургамістр Саколкі Ева Кулікоўская:

– Хочам з чагосьці пачаць, каб людзі, якія прыязджаюць да нас, ведалі, што Саколка важная не толькі ў нашым рэгіёне, не толькі ў ваяводстве, не толькі ў Польшчы, але і ў свеце. А пазней пасля адкрыцця розных шляхоў, рознага роду ініцыятыў, якія мы робім перадусім з Гародняй, пакажам, якія яшчэ ініцыятывы мы можам зрабіць.

Ужо хутка будуць адкрытыя чарговыя памятныя стэнды прысвечаныя выбітным ураджэнцам Сакольскай зямлі. Сярод іх ёсць і беларусы – Язэп Варонка ды Сакрат Яновіч.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя