ІНП не вынес канчатковы вердыкт адносна вуліцы Тарашкевіча



Надалей няма інфармацыі наконт дэкамунізацыі вуліцы імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім. Паводле Інстытута нацыянальнай памяці ў Варшаве, асоба Браніслава Тарашкевіча падлягае закону аб дэкамунізацыі публічнай прасторы. Інфармацыю аб патрабаванні Інстытута ўправа горада Бельск Падляшскі атрымала ад Падляшскага ваяводы ў лістападзе мінулага года. Да гэтага часу Інстытут не вырашыў ці павінна быць зменена назва вуліцы.

Як кажа ваявода Багдан Пашкоўскі, управа надалей чакае на інфармацыю з боку Інстытута:

– Канчатковае рашэнне ў гэтым пытанні, відавочна, яшчэ не прынятае. Чакаем на высновы Інстытута нацыянальнай памяці, якія будуць для нас такім элементам, на аснове якога мы прымем сваё рашэнне.  

Вуліца Браніслава Тарашкевіча існуе ў Бельску Падляшскім з 90-х гадоў ХХ стагоддзя. У горадзе дзейнічае таксама агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання як дадатковай імя Браніслава Тарашкевіча.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток