„Іншыя. Беларуская меншасць на Падляшшы”



„Іншыя. Беларуская меншасць на Падляшшы”.  У выдавецтве ўніверсітэту Яна Каханоўскага ў Кельцах выйшла кніжка прысвечаная беларускай меншасці ў Польшчы.  Кніжка выдадзена Інстытутам  міжнародных адносін і дзяржаўных палітык, пад рэдакцыяй прафесараў Агнешкі Касіньскай-Метрыкі і Рафала Дудалы. Кніжка вынік сацыялагічных даследаванняў і апытанняў праведзеных сярод беларусаў Падляшша.

„Госць Рацыі” рэдактар і суаўтар кнігі прафесар Агнешка Касіньска-Метрыка:

– Цікавасць да нашага Падляшша ёсць ужо некалькі гадоў. Мы вырашылі, што толькі даследаванні праведзеныя на месцы, якія б грунтаваліся на інтэрв’ю, дазволяць нам сцвярджаць, якія чыннікі ўплываюць на пачуццё беларускасці. Мы самі спрабавалі акрэсліць гэтыя чыннікі. Мы вырашылі, што іншыя меншасці, іншыя этнічныя групы, як шлёнскія групы ці тыя, што жывуць у Кашубах, добра распазнаюцца. У той жа час польскім беларусам так шмат месца не прысвечана, калі не лічыць гістарычныя працы.

РР: Якія ёсць стэрэатыпы і як у рэчаіснасці, калі ідзе пра беларускую меншасць?

– Мне здаецца, што наша ўяўленне, як даследчыкаў, было праверана рэчаіснасцю. Першае, гэта тое, што палякі не ведаюць беларусаў, іх уяўленне з’яўляецца памылковым. Яно грунтуецца на сялянскім уяўленні пра Падляшша, але гэта рэчаіснасць больш складаная. Існуе стэрэатып пра беларусаў. Нашым адкрыццём было тое, што ўяўленні не адпавядалі таму, што мы пабачылі на месцы. Канешне ў лепшы бок на карысць вобразу беларуса. Ён не з’яўляецца чорна-белым, ён не з’яўляецца спрошчаным. Мы сустрэлі вельмі розных асобаў. Мы правялі інтэрв’ю з асобамі з меншых мясцовасцяў, дзе беларусаў большасць па колькасці, а таксама з лідарамі меркаванняў. Спадзяюся, што гэта стварыла ўніверсальны вобраз.

РР: Адзін з раздзелаў называецца „Ад народнасці да нацыяналізму”. Пра што ён?

– Тут ідзе пра новы нацыяналізм, які мы назіраем на Падляшшы. Тое, што адбываецца ў Гайнаўцы, што адбываецца ў Беластоку. Маюцца на ўвазе нацыяналістычныя маршы, якія датычаць перадусім польскага асяроддзя, былі такія сігналы таксама падчас нашых размоваў. Часамі ў іх удзельнічаюць дзеці і ўнукі беларусаў. Гэта чарговыя пакаленні, якія магчыма не маюць канкрэтнага разумення пра ўласнае паходжанне, пра гісторыю Беларусі, як дзяржавы. Новыя польскія нацыяналізмы лёгка аперуюць сімваламі, якія могуць быць прыцягальнымі для маладых людзей. Тая разнастайнасць, якую мы спадзяваліся пабачыць, паводле нас, пад пагрозай паланізацыі, а таксама неанацыяналізмаў, якія магчыма ўцягнуць таксама частку асяроддзя, якое павінна больш асацыяваць сябе з беларускай меншасцю.

Гутарку слухайце ў далучаным файле:

Першая прэзентацыя кнігі „Іншыя. Беларуская нацыянальныя меншасць на Падляшшы” адбудзецца ў гарадской бібліятэцы ў Бельску Падляшскім. Таксама з аўтарамі кнігі змогуць сустрэцца жыхары Беластока. Прэзентацыя адбудзецца ў культурніцкай прасторы „НЕТЭАТАР”. Яшчэ адна прэзентацыя кнігі  „Іншыя. Беларуская нацыянальныя меншасць на Падляшшы” адбудзецца ў нядзелю  ў Музеі Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя