Інсцэніроўка твора „Радзіва Прудок” у Беластоку
Спектакль „ракета”! Калі ласка прыходзьце, сказаў у нашым ранішнім эфіры беларускі актор Ілля Ясінскі, які запрашае на спектакль „Гэта Мы”, інсцэніроўка твора „Радзіва Прудок” Андруся Горвата, які ў Беларусі летась стаў вельмі папулярным. Яго паказваюць у рамках тэатральнага фестывалю „Напрамак Усход”, які зараз праходзіць у Беластоку.
У гэтым спектаклі, як і ў літаратурным творы, ёсць і жарты жыхароў вёскі Прудок і агульначалавечыя тэмы, над якімі давядзецца задумацца, заўважае Ілля Ясінскі:
– Гэта вельмі лёгкая форма. Спачатку гэта стваралася як допісы ў Фэйсбуку, таму іх лёгка чытаць, яны лёгка ўспрымаюцца. Глядач і чытач не стамляецца, гэта вельмі цікава. У гэтых вобразах, у гэтых людзях мы з лёгкасцю пазнаем сябе, сваіх суседзяў, родных. Атрымала такую шырокую папулярнасць і вялікі распаўсюд гэтая кніга, а нам проста шчасце працаваць з гэтым матэрыялам.
І таксама з рэжысёрам Стасам Жырковым, дадае Ілля Ясінскі. Менавіта ўкраінскі рэжысёр паставіў спектакль па беларускім творы, які, як заўважаць літаратурныя адмыслоўцы – паказвае наш нацыянальны менталітэт. Спектакль „Гэта мы”, паводле „Радзіва Прудок”Андруся Горвата паказваюць акторы, што аб’ядналіся ў незалежны тэатральны праект. 30 верасня а 19.00 паводле польскага часу ва ўніверсітэцкім цэнтры культуры на вуліцы Цыялкоўскага 1N.
Беларускае Радыё Рацыя