Інтэграцыйная імпрэза для ўкраінскіх і польскіх дзяцей у беластоцкім ліцэі
У агульнаадукацыйным ліцэі імя Вітольда Пілецкага ў Беластоку адбылася інтэграцыйная імпрэза для ўкраінскіх і польскіх дзетак малодшага ўзросту.
Дзеці разам з бацькамі бавілі час, удзельнічалі ў гульнях, каталіся з надзіманай горкі, будавалі замкі. Свята было арганізаванае для дзяцей уцекачоў, каб адцягнуць іх увагу ад праблем, звязаных з вымушаным бежанствам, і каб бліжэй пасябраваць паміж сабою равеснікаў з Польшчы і Украіны.
Расказвае каардынатар імпрэзы Катажына Кісель:
– Гэтая імпрэза перадусім скіравана да дзяцей, якія з бацькамі ўцяклі з Украіны. Мы імкнуліся арганізаваць адмысловы інтэграцыйны дзень з нашымі наймалодшымі беластачанамі. Каб пазнаёміцца, гуляць і проста добра правесці дзень. Маем тут маляванне твараў, з’язджанне з горак, забавы з мячом, танцы. А таксама танцы для дарослых. Усе разам добра праводзім час.
Пасля заканчэння імпрэзы дзеці і іх бацькі разыходзіліся ў добрым, прыўзнятым настроі, з салодкімі падарункамі, якія чакалі ўсіх на выхадзе з ліцэя.
Беларускае Радыё Рацыя