Ірэна Бярнацкая: Мы памятаем пра Анжаліку і Анджэя і змагаемся за іх



Саюз палякаў у Беларусі і Аб’яднанне „Wspólnota Polska” бліжэйшую нядзелю, 25 ліпеня, зладзяць пікеты ў падтрымку Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута. Лідары польскай меншасці ў Беларусі ужо чатыры месяцы знаходзяцца за кратамі па падазрэнні  “ў распальванні варожасці” і “рэабілітацыі нацызму”. Ім пагражае ад пяці да дванаццаці гадоў турмы. Дзеля іх падтрымкі ў Варшаве, Сопаце і Белстоку будуць зладжаны пікеты.

“Запрашаем далучыцца ўсіх неабыякавых людзей. Бо такім чынам можам паказаць, што мы пра іх памятаем і за іх змагаемся,” – кажа Ірэна Бярнацкая – адная з заяўнікаў пікета, актывістка польскай меншасці ў Лідзе, якую лукашэнкаўскі  рэжым прымусіў з’ехаць з Беларусі:

– Улады Беларусі не чуюць людзей. Яны не хочуць іх чуць. Але наколькі можам, мусім дапамагаць вязням, выходзіць. Каб хоць трохі, можа праз якую шчылінку яны будуць бачыць і чуць, што за імі стаяць людзі. Што людзі яшчэ змагаюцца і пра іх памятаюць. Я сама была там. Там інфармацыі вельмі мала. І так шукаеш той інфармацыі, у кожную шчылінку заглядваеш! А ці мяне не кінулі? Ці ёсць за мной людзі, а ці яны змагаюцца за мяне? Я лічу, што трэба выходзіць.

Пікет салідарнасці з арыштаванамі лідарамі Саюзу палякаў у Беларусі – Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам у Беластоку пачнецца а 14-й гадзіне, перад будынкам Консульства Рэспублікі Беларусь, што па вуліцы Электрычнай. 

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя   

Фота: prisoners.spring96.org