ІТ-кампанію з Беларусі абвінавацілі ў Кіеве ў дыскрымінацыі ўкраінамоўных



У Кіеве IT-кампанія Andersen адмовілася ад сумоўя з заяўнікамі, бо яны заявілі, што ва Украінскім офісе будуць размаўляць выключна па-ўкраінску. 

Першым у LinkedIn апублікаваў сваю перапіску з HR-супрацоўнікам з Andersen кіеўскі java-распрацоўшчык Дзяніс Вадаціец. Пра падобную сітуацыю ў Фэйсбуку паведаміў айцішнік Багдан Мельнік.

Згодна са скрыншотам перамоваў з адміністрацыяй, кампанія мела вольныя вакансіі, але як толькі прэтэндэнт заявіў, што з камандай, якая працуе ва Украіне, будзе гаварыць па-ўкраінску, перамовы з ім перапынілі.

Сёння гісторыю з Дзянісам Вадаційцам пракаментаваў сузаснавальнік Andersen Аляксей Арлоў. Ён напісаў у фэйсбуку пост на ўкраінскай мове, дзе папрасіў прабачэння ў Дзяніса і прызнаў справядлівымі абвінавачванні ў дыскрымінацыі.

Кампанія Andersen пераехала ў 2020-м з Менску ў Кіеў у сувязі з палітычнай сітуацыяй у Беларусі. Да таго часу яе офіс месціўся ў Royal Plaza ў цэнтры Менска.