IV культурныя спатканні “Студзіводы Сегеневічаў”



Свята прадмесця “Студзіводы Сегеневічаў” прайшло ў Музеі малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах. Сёлетнія Культурныя спатканні сталі адметныя дакладам прафесара Антона Мірановіча пра род Сегеневічаў і выставай, прысвечанай юбілеям асобаў, звязаных са Студзіводамі.

Гэта пісьменнік і публіцыст Юзаф Такарэвіч і афтальмолаг, прафесар Эміліян Адамюк. З нагоды адкрыцця выставы нашчадак Эміліяна Адамюка Рональд Клос падараваў музею ў Студзіводах некалькі сямейных рэліквіяў, сярод якіх і арыгінальны фотаздымак прафесара. Кажа Дарафей Фіёнік:

– Каб постаці былі вядомыя, патрэбна ўвесь час праца, каб пра іх нагадваць, каб іх памяць жыла. Так як нашых продкаў мы павінны памінаць кожны год, так і людзей, якія жылі для грамадства. Бо і прафесар Эміліян Адамюк, і Юзаф Такарэвіч жылі для грамадства.

Цэнтральнай падзеяй IV культурных спатканняў “Студзіводы Сегеневічаў” стала адкрыццё студзіводскай панарамы – драўлянай скульптурнай формы з выявамі знакамітых студзіводцаў. У цэнтры панарамы – ікона Бельскай Божай Маці. У панарамы два аўтары. Дарафею Фіоніку належыць ідэя і змест. Разьбяром, што ўвасобіў задуму, стаў Анатоль Туркоў з Камянца, які на працягу 10 гадоў аздабляе сваімі скульптурамі студзіводскі музей. Кажа Анатоль Туркоў:

– Дарафей шукаў тыя матэрыялы і даваў мне канкрэтныя партрэты канкрэтных людзей. І таму яно займае крышку больш часу. Трэба было яшчэ перадаць характар чалавека, і каб ён быў пазнавальны. Дарафей змяняў трошкі ідэі, даваў прапановы. Прапанаваў адлюстраваць царкву сучасную, каб было нешта значнае, звязанае з той мясцовасцю.

Па добрай традыцыі студзіводскія культурныя спатканні завяршыліся канцэртам. У гэты раз акрамя гаспадароў сцэны – ансамбля “Жэмэрва” выступілі чатыры калектывы з Кобрыньшчыны – “Таўкачыкі”, “Магдаліна”, “Зараніца” і “Журавіны”.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя