IV Міжнародны фестываль царкоўнага звона ў Супраслі



Пачаўся IV Міжнародны фестываль царкоўнага звона ў Супраслі. Званары з Польшчы, Беларусі, Расеі і Нямеччыны прэзентуюць сваё майстэрства ў мясцовым праваслаўным манастыры. Сёлета выступіць 17 званароў з Беларусі. Сам конкурс адбудзецца заўтра, а сёння званары ўдзельнічаюць у семінары, прысвечаным кампаналогіі, – кажа Алена Шацько, сябра Аб’яднання званарскага майстэрства з Расеі:

– Кампаналогія – гэта навука, якая вывучае званы ў розных сферах. Не заўсёды званары цікавяцца гэтай навукай, але ў многіх з іх паступова з’яўляюцца пытанні пра традыцыі, пра надпісы на званах. І яны таксама пачынаюць займацца навукай. Уласна кажучы, я не адна, хто праз званарства прыйшоў да вывучэння званічнай  традыцыі.

Пачатак конкурсу а 16-й гадзіне заўтра, 7-га траўня. Сёлетні конкурс падзелены на тры катэгорыі: “мастэрс” – для прафесіяналаў, “оўпэн” – для ўсіх ахвотных, і катэгорыя для дзяцей і моладзі да 16-ці гадоў. Дзве галоўныя ўзнагароды – па дзве тысячы злотых – атрымаюць пераможцы сярод прафесіяналаў і ў катэгорыі “оўпэн”.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота orthodox.kiev.ua