IV Усходні эканамічны кангрэс – доказ паспяховай польска-беларускай супрацы
“Чацвёрты Усходні эканамічны кангрэс у Беластоку пацвярджае паспяховасць нашых кантактаў з беларускімі рэгіёнамі. Гэтаму поспеху спрыяюць таксама ўлады Падляшскага ваяводства, якія робяць намаганні дзеля рэалізацыі супольных польска-беларускіх праектаў”. Гэта ў інтэрв’ю для нашага радыё адзначае сябра Управы Падляшскага ваяводства Багдан Дыюк. Паводле яго, карысная супраца надалей пашыраецца:
– Напрыклад, саюз гмін ваяводства вядзе супрацу з шэрагам раёнаў Беларусі. А таксама, напрыклад, Аўгустоўскі павет падпісаў пагадненне пра супрацу з Браслаўскім раёнам Віцебскай вобласці, а гэта ўжо ўсходняя частка Беларусі. Мы як самаўрад ваяводства таксама бяром удзел у гэтай супрацы. Нас цешыць тое, што ў гэтыя два дні кангрэса можам сустрэцца з нашымі сябрамі з Беларусі.
Частка супольных праектаў рэалізуецца дзякуючы міжнароднай праграме супрацы Польшча-Беларусь-Украіна, але вельмі важныя і міжчалавечыя кантакты, працягвае Багдан Дыюк:
– Як, напрыклад, пашырэнне статусу памежных пераходаў, а менавіта на Аўгустоўскім канале з воднага на пешы і роварны, што ўжо сёлета сведчыла пра тое, што гэта быў наш супольны стрэл у дзясятку. Бо з тых 100 чалавек, якія наведалі ў мінулым годзе, гэта змянілася на ўсе пераходы разам на некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. На поўначы гэта некалькі тысяч.
Праца Усходняга эканамічнага кангрэса ў Беластоку працягнецца ў чацвер, 28 верасня. Сярод асноўных тэмаў – транспарт ды інфраструктура, турыстыка, а таксама эканамічныя кантакты з Беларуссю.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя