IV Усходні эканамічны кангрэс у Беластоку (абноўлена)
Усходні эканамічны кангрэс: канкрэтныя дамовы для мясцовага бізнесу. Цягам двух дзён у сталіцы Падляшша праходзіў эканамічны форум, у рамках якога бізнесоўцы, чыноўнікі і эксперты не толькі дыскутавалі на розныя тэмы, але і праводзілі перамовы.
Пра канкрэтныя інвестыцыі дамовіліся прадстаўнікі канцэрна „Мясамолпром” з Берасця. Паведаміў Генеральны дырэктар берасцейскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Валерый Лабун:
– У гэтай залі быў падпісаны мемарандум паміж адным з польскіх прадпрыемстваў ды прадстаўнікамі канцэрна „Мясамолпром” Берасцейскай вобласці, пра інвеставанне ў адзін з праектаў, які размешчаны ў горадзе Ляхавічы Берасцейскай вобласці. На падыходзе яшчэ некалькі такіх цікавых праектаў, таму сёння гэта рэальная магсымасць.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Беларускі бізнес цікавіць Польшчу, мясцовыя бізнесоўцы бачаць патэнцыял, сказаў падчас Усходняга эканамічнага кангрэсу ў Беластоку старшыня праўлення Польскага агенства Інвестыцый і Гандлю Томаш Пісуля. Паводле эксперта польскія біўнесоўцы назіраюць за Беларусю ды чакаюць, калі ўлады дазволяць больш шчыльна ўваходзіць на рынак:
– Мы бачым у Беларусі вялізны патэнцыял і вельмі б хацелі інвеставаць у Беларусь. Мы бачым, што ў стане дастаўляць тавары і аказваць паслугі, якіх у Беларусі няма. Мы можам іх прадаваць або ствараць у Беларусі, толькі трэба мець такую магчымасць. У палякаў ёсць капітал, які маглі б укласці ў Беларусь, пытанне ў тым, калі гэта дазволяць беларускія ўлады.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
IV Усходні эканамічны кангрэс у Беластоку прыйшоў, як заяўляюць арганізатары, з рэкорднай колькасцю ўдзельнікаў. Беларусь прадстаўлялі дэлегацыі з Гарадзенскай і Берасцейскай вобласці і Менску. Прысутнічалі прадстаўнікі амаль усіх абласных аддзяленняў гандлёва-прамысловай палаты.
* * *
“Галоўнае, дзеля чаго я прыехаў, гэта паказаць польскаму боку магчымасці для інвестыцый у Беларусі”, – так кажа ўдзельнік Усходняга эканамічнага кангрэса ў Беластоку, старшыня Агенцтва польскага бізнесу ў Беларусі Анатолій Вялікін.
Ён прыгадвае, што летась таваразварот паміж Беларуссю і Польшчай склаў два мільярды даляраў, цяпер жа пастаўлена планка давесці яго да трох мільярдаў. На думку спецыяліста, для гэтага ёсць усе магчымасці:
– Самае галоўнае – я хацеў бы, каб польскі бок больш даведаўся пра тое, як развіваецца наша краіна, каб не баяліся інвеставаць у яе. Сёння ў Беларусі працуе больш за 350 кампаній з польскімі інвестыцыямі. І я думаю, што гэта толькі пачатак усяго гэтага руху.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Тое, што ў Беларусі палепшыліся ўмовы для замежных інвестараў, пацвердзіў нашаму радыё і старшыня польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі. Ён таксама лічыць важным тое, што змяняецца імідж Беларусі на міжнародай арэне:
– Становіцца паступова больш праўдзівым вобраз Беларусі. Яна была намалявана ў панурых колерах. А тым часам, калі глыбей паглядзець, адкінуць тую рыторыку, якая ў свой час функцыянавала, то штораз больш людзей бачыць, што гэта прыязны край, упарадкаваны, які глядзіць далёка ў будучае; край, які мае свае праблемы, бо гэта відавочнае; і край, які разлічвае на сур’ёзнае стаўленне да сябе.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
У цяперашні час больш за 60 краін інвестуе ў Беларусь. На працягу многіх гадоў асноўнымі інвестарамі з’яўляюцца Расея і краіны Еўразвяза. Так, сёлета ў першым паўгоддзі з Расеі ў Беларусь паступіла 38 працэнтаў інвестыцый, а 54 працэнты – з краін Еўрапейскага звяза.
* * *
Некалькі соцень удзельнікаў з Польшчы, Беларусі, Літвы, Балгарыі ды некаторых іншых краін сабраў Усходні эканамічны кангрэс у Беластоку.
Гэта ўжо традыцыйнае мерапрыемства, падчас якога абмяркоўваецца шырокі спектр тэм: ад развіцця рэгіёнаў усходняй Польшчы да трансгранічнага супрацоўніцтва, турызму і эканамічнага дыялогу паміж краінамі.
Як адзначае віцэ-маршалак Падляшскага ваяводства Мацей Жыўна, вялікая колькасць удзельнікаў сведчыць пра паспяховасць такіх мерапрыемстваў:
— Сам удзел такой вялікай колькасці гасцей і сведчыць пра тое, што кангрэс патрэбны. Перш за ўсё для прадпрымальнікаў мы і праводзім гэтыя сустрэчы, якія даюць магчымасць наладзіць новыя сувязі, сустрэцца з прадстаўнікамі самаўрадаў, прадстаўнікамі улады, а таксама і з замежнымі дэлегацыямі. Найлепш пытанне пра эфектыўнасць гэтага Кангрэса задаць самім прадпрымальнікам, якія з году ў год кажуць, што ім патрэбная гэтая падзея. Паводле іх, гэта найлепшая падзея Падляшскага ваяводства ў галіне прамоцыі гаспадаркі.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
«Беларусь злучае еўразійскую і эўрапейскую эканамічныя прасторы», – кажа кіраўнік свабоднай эканамічнай зоны «Гродна-Інвест» Сяргей Ткачэнка. Ён не першы раз прыязджае на Усходні эканамічны кангрэс, што праходзіць у Беластоку.
Паводле адмыслоўцы, менавіта беларускі бізнес становіцца правадніком еўрапейскага бізнесу на еўразійскую тэрыторыю. І першае, што тут важна – інфармацыя.
— Мы прапанавалі, і пакуль у нас атрымліваецца, аб’яднаць інфармацыйны патэнцыял Падляшша і Гарадзеншчыны з мэтай выпрацоўкі сумесных прадуктаў для інвестыцыйнай дзейнасці ў прамысловасці, у сферы турызму. У гэтым плане на мінулым тыдні ў нас прайшла вялікая выстава «Еўрарэгіён Нёман», дзе таксама вельмі шырока быў прадстаўлены польскі бізнес. А сёння мы тут.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
***
«Гэта было добрае рашэнне як для беларусаў, так і для грамадзян Еўразвязу». Так каментуе ўвядзенне Беларуссю бязвізавага руху Міхал Падбельскі з Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства. Ён таксама прыгадвае, што намаганнямі ваяводскага самаўраду і гарадзенскіх уладаў атрымалася адкрыць абноўлены пункт пропуску Рудаўка-Лясная на Аўгустоўскім канале.
Аднак, адзначае Падбельскі, актыўная супраца ідзе не толькі ў галіне турызму:
— Гэтая супраца вядзецца не толькі ў галіне турызму: пастаянна ідзе культурны і адукацыйны абмен, а таксама па лагістычна-транспартных пытаннях. Ідуць мадэрнізацыйныя працы на мяжы, каб падрыхтавацца да ўзмоцненага таварнага руху з Кітая.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Тэма трансгранічнага супрацоўніцтва будзе абмяркоўваецца падчас Усходняга эканамічнага кангрэсу ў Беластоку. У дыскусійнай панэлі возьме ўдзел кіраўнік Гародні – Мечыслаў Гой. Таксама ў другі дзень кангрэсу, 28 верасня, пройдзе дыскусія на тэму “Эканамічныя спатканні Польшча-Беларусь”. Адным з пытанняў пазначаны досвед Усходняга партнёрства.
Сёлета ў працы кангрэса бяруць удзел адразу некалькі дэлегацый з Беларусі. Гэта прадстаўнікі Свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест», а таксама дэлегацыі з Гародні, Берасця і Ваўкавыска на ўзроўні кіраўнікоў абласных і раённага выканаўчых камітэтаў.
Усходні эканамічны кангрэс працуе на працягу двух дзён (27-28 верасня) у будынку Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку.
Арганізатарам Усходняга эканамічнага кангрэса з’яўляецца PTWP Group SA, ініцыятар і арганізатар Еўрапейскага эканамічнага кангрэса ў Катавіцах, найбуйнейшай бізнес-канферэнцыі ў Цэнтральнай Еўропе, якая праводзіцца з 2009 года.
Беларускае Радыё Рацыя
