“Каб дзеці ведалі свае традыцыі”



“Купалінка”, “Сударыня-барыня” і іншыя песні прагучалі падчас конкурсу песні на мовах нацыянальных меншасцяў Падляшша “Спяваем разам”. Мерапрыемства адбывалася з ініцыятывы Непублічнай пачатковай школы імя Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку.

Сёлета ў мерапрыемстве ўдзельнічала 25 дзяцей з шасці школ Падляшша. Дырэктар Непублічнай пачатковай школы імя Кірыла і Мяфодзія Рыгор Назарук распавёў, што конкурс з’яўляецца працягам папярэдніх канцэртаў, якія праводзіла школа ў Беластоку.

Рыгор Назарук:

Гэта конкурс нацыянальных меншасцяў – меншасцяў беларускай і ўкраінскай, прадстаўнікі якой таксама вучацца ў сценах нашай школы. Вучні вывучаць беларускую і ўкраінскую мову з першага класу. Таксама мы захоўваем традыцыі Падляшша – нашых дзядоў, прадзядоў і бацькоў. Дзеці маюць жывы кантакт, а конкурс з’яўляецца як бы кульмінацыяй таго, што адбываецца цэлы год у школе. На конкурс мы таксама запрашаем вучняў з іншых школ, якія таксама з задавальненнем прыязджаюць і спяваюць.

Дырэктарка дзіцячага садка Непублічнай пачатковай школы Кірылы і Мяфодзія Люцыя Німеровіч патлумачыла ідэю правядзення конкурсу песні на мовах нацыянальных меншасцяў Падляшша “Спяваем разам”.

Люцыя Німеровіч:

Мы хочам, каб дзеці ведалі, што яны тут жывуць, каб зналі сваю народную беларускую і ўкраінскую мовы, каб адчулі сваю тоеснасць, каб не цураліся сваёй мовы, сваёй культуры і традыцыі. Гэта галоўная мэта нашага конкурсу. Мне падабаецца, што дзеці прыязджаюць і спяваюць песні, і паказваюць нашую культуру.

Конкурс песні на мовах нацыянальных меншасцяў Падляшша “Спяваем разам” праводзіцца другі раз.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя