Каб вучыцца ў Чэхіі, студэнты з РБ праходзяць верыфікацыю дэмсіл
Чэхія вырашыла не дапускаць студэнтаў з Беларусі да навучання стратэгічна важным спецыяльнасцям.
Дыяспара знайшла выйсце, піша Deutsche Welle.
Пасля пачатку вайны Расеі ва Украіне Чэхія ўвяла абмежаванні для беларускіх і расейскіх студэнтаў: нават тыя, хто вучацца ў краіне ўжо не першы год, не павінны атрымліваць адукацыю на крытычна важных для Чэхіі спецыяльнасцях, напрыклад, тэхнічных. Каб абысці абмежаванні, беларуская дыяспара дамовілася з універсітэтамі аб працэдуры верыфікацыі, якая павінна выявіць пазіцыю студэнта па пытаннях вайны, пратэстаў і іншага. Правяраюць нават іх родных – ці не працуюць яны на рэжым ці ва ўзброеных сілах.
„Працэдуру верыфікацыі праводзяць толькі ў тым выпадку, калі сам студэнт на яе згаджаецца», – кажа прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў BYPOL Аляксандр Азараў.
У першым спісе, які BYPOL атрымаў на праверку, было 11 чалавек, у другім – 40. І па словах Азарава, там былі і некалькі студэнтаў, чые бацькі – дзеючыя чыноўнікі ў Беларусі, супрацоўнікі КДБ, беларускіх прадпрыемстваў, звязаных з сямʼёй Лукашэнкі.
Польскае радыё