Кабінет — у падтрымку захавання беларускіх ліцэяў на Падляшшы



Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская накіравала ліст міністру адукацыі і навукі Польшчы Пшэмыславу Чарнэку з просьбай не дапусціць ліквідацыі беларускіх ліцэяў на Падляшшы:

«Беларуская меншасць у Польшчы заўсёды актыўна падтрымлівала рух да дэмакратычных перамен у Беларусі і зрабіла вялікі ўнёсак у захаванне беларускай мовы і незалежнай беларускай культуры, якія сістэматычна знішчаліся і знішчаюцца рэжымам Лукашэнкі», — адзначаецца ў лісце.

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Аліна Коўшык, якая курыруе кампанію па падтрымцы беларускіх школ і ліцэяў у Польшчы, пракаментавала сітуацыю:

«Так, сапраўды, на Падляшшы, дзе пражывае беларуская нацыянальная меншасць Польшчы, а цяпер яшчэ і шмат палітычных уцекачоў, узнікла даволі складаная сітуацыя: беларускія ліцэі, якія дзейнічаюць там на працягу 70 гадоў і маюць вялікае значэнне для тамтэйшых беларусаў па даволі фармальных прычынах могуць быць ліквідаваныя. І таму зараз мы кансалідуем сілы, каб гэтага не адбылося. Спадзяюся, прадстаўнікі польскіх дзяржаўных ведамстваў адукацыі, з якімі Аб’яднаны Пераходны Кабінет ужо неаднаразова меў грунтоўныя і плённыя кантакты, вырашаць гэтае пытанне на карысць беларусаў».

@CabinetBelarus