Каля беларуска-польскай мяжы знайшлі некалькі трупаў
Сёння, 19 верасня, у польскіх і беларускіх сродках масавай інфармацыі з’явілася некалькі паведамленняў пра трагічныя здарэнні ў раёне беларуска-польскай мяжы.
Раніцай радыёстанцыя RMF FM паведаміла, што ў Гібах на Падляшшы (недалёка ад стыку межаў Польшчы, Літвы і Беларусі) мясцовыя жыхары заўважылі групу з трох мігрантаў, верагодна, грамадзянаў Іраку. Хутчэй за ўсё, яны трапілі ў Польшчу з Літвы.
«Ад моцнага пераахаладжэння адзін чалавек памёр. Астатнія два былі дастаўленыя ў шпіталі», — апісвае здарэнне RMF FM.
Падобную інфармацыю атрымала Radio ZET, якое паведаміла: «У лесе каля Гібаў паліцыя знайшла цела цемнаскурага мужчыны. Хутчэй за ўсё, гэта ўцякач. Яшчэ два чалавекі, арыштаваныя паліцыяй у гэтым раёне, апынуліся ў шпіталі. Расследаваньне гібелі мужчыны вядзе пракуратура з Сувалкаў».
Карэспандэнтка Radio ZET выявіла, што памежная служба таксама мусіла ўмяшацца ў сітуацыю ў гміне Міхалова на Падляшшы каля мяжы з Беларуссю.
Памежнікі выратавалі групу з васьмі мігрантаў, якія апынуліся на балотах у гэтай гміне, сямі з іх спатрэбілася медычная дапамога. Адна з пераахалоджаных жанчын была дастаўлена ў шпіталь на верталёце, астатнія — на машынах хуткай дапамогі.
Пад вечар з’явілася новая інфармацыя ад памежнай службы. Каля 17.30 у нядзелю памежная служба апублікавала такі запіс: «Сёння, 19 верасня, у памежным з Беларуссю рэгіёне былі знойдзены целы трох чалавек. Далейшыя крокі ў гэтай справе праводзіць пракуратура».
Памежнікі не ўдакладнілі, ці ў лік гэтых трох уваходзіць той, што памёр і ў ваколіцах Гібаў.
Dzisiaj tj.19.09 w rejonie przygranicznym z ???????? znaleziono zwłoki trzech osób. Dalsze czynności w tej sprawie prowadzi prokuratura.#zgranicy
— Straż Graniczna (@Straz_Graniczna) September 19, 2021
Тым часам Следчы камітэт Беларусі паведаміў у сваім тэлеграм-канале пра тое, што каля беларуска-польскай мяжы знайшлі труп 39-гадовай жанчыны — грамадзянкі Іраку. Паведамленне аб выяўленні цела жанчыны без прыкмет жыцця паблізу ад беларуска-польскай мяжы паступіла днём 19 верасня.
Цела было без абутку і, як паведамляе Следчы камітэт, пасля першапачатковага агляду не выключаецца версія, што смерць наступіла ад пераахаладжэння.
Як паведамляе Дзяржпагранкамітэт Беларусі, цела жанчыны выявілі каля вёскі Лясная, што ў Гарадзенскай вобласці, за метр ад беларуска-польскай мяжы. Побач з памерлай жанчынай было трое дзяцей ва ўзросце як мяркуецца, ад 7 да 15 гадоў, а таксама мужчына і пажылая жанчына, паведамляе Следчы камітэт Беларусі.