Каля вёскі Рудніца ліквідаваны самагонны завод



Супрацоўнікі Нацыянальнай падатковай адміністрацыі з Беластоку ліквідавалі самагонны завод, які дзейнічаў у лесе каля вёскі Рудніца (Беластоцкі павет). Канфіскавана каля 700 літраў нелегальнага алкаголю і абсталяванне, якое выкарыстоўвалася для яго вытворчасці.

Кажа Радаслаў Ганцэвіч з прэсавага бюро Нацыянальнай падатковай адміністрацыі:

– Супрацоўнікі Нацыянальнай падатковай адміністрацыі з Беластоку высветлілі, што ў лесе каля вёскі Рудніца, функцыянуе самагонны завод, дзе ў вялікай колькасці вырабляецца нелегальны алкаголь. Сілавікі затрымалі 40-гадовага мужчыну, што жыве ў Беластоку, які кантраляваў вытворчасць. На замаскаваным лясным самагонным заводзе сілавікі выявілі абсталяванне, якое выкарыстоўвалася для вытворчасці самагону, а таксама 150 літраў 55-працэнтнага алкаголю. Падчас агляду тэрыторыі заводу супрацоўнікі выявілі падземнае сховішча, дзе знаходзілася яшчэ каля 550 літраў алкаголю.

Супрацоўнікі Нацыянальнай падатковай адміністрацыі канфіскавалі нелегальны алкаголь і абсталяванне для яго вытворчасці. У дачыненні да мужчыны пачатая крымінальная справа. Самагоншчыку пагражае штраф, абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да аднаго года.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота podlaskie.kas.gov.pl