Калядкі падляшскіх беларусаў у выкананні „Жэмэрвы”



Выйшла новая кружэлка, якая змяшчае 14 калядак і калядных песняў, якія выконвалі ў ХХ стагоддзі на Падляшшы.

Знойдзем тут матывы з некалькіх падляшскіх вёсак: з Крыўца, Плёсак ды Сухавольцаў. Гаворыць кіраўнік „Жэмэрвы” Анна Фёнік:

– Калядкі на Раство спявалі толькі акапэльна, а ўжо калядныя песні ў большасці выконвалі з інструментальным акампаніментам: са скрыпкай, бубнам, гармонікам. Мы хочам, каб захавалася аўтэнтычнасць у сучасным выкананні, каб арыгінал усё ж такі гучаў ў нашых спевах.

Кружэлка – вынік працы „Жэмэрвы” цягам апошніх 15 гадоў, калі збіралі, запісвалі аўтэнтычныя спевы і развучвалі іх. Праект вокладкі для кружэлкі зрабіў Максім Фёнік. На ёй – 16-кутная зорка з Крывятыч.

Бліжэйшым часам “на жыва” зможам пачуць „Жэмэрву” і іх калядаванне ў Яўгуштове. 11 студзеня яны будуць там супольна каледаваць з менскім калектывам „Грамніцы”.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя