Калядны канцэрт у Беластоцкім драмтэатры
На калядны канцэрт запрашае Беластоцкі драматычны тэатр, праўда анлайн. Cвяточны вечар 24 снежня акцёры запрашаюць правесці разам. Канцэрт „Тэатральныя калядныя песні” распачнецца а 20-ай паводле польскага часу на сайце тэатра, а таксама ў яго сацыяльных сетках. І хоць абмежаванні, звязаныя з распаўсюдам COVID-19, не дазваляюць запрасіць гледачоў у тэатр – святочны настрой ніхто не адмяняў, кажа дырэктар творчай пляцоўкі Пётр Паўторак:
– У гэты нетыповы час, калі не можам сустрэцца ўжывую у тэатры, калі не можам выступіць са спектаклямі, адзіны спосаб, каб дайсці да людзей, да нашых любімых гледачоў – падарунак у гэты святочны час. Магчыма хоць трошкі зробім больш цёплым клімат у іх дамах.
Установа таксама запрашае на два адмысловыя калядныя чытанні. У першы дзень Калядаў, 25 снежня а 18.00 гледачы ўбачаць „Калядную песню” Чарльза Дыкенса, а 28-га снежня а 20-ай тэатр запрашае таксама анлайн на спектакль „Лялечны дом” Генрыка Ібсена. Мерапрыемствы рэалізаваныя дзякуючы падтрымцы Фонду супрацьдзеяння Covid-19.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Fot: Anna Dycha