Канферэнцыя „Беларускі ЕГУ: пасля 10 гадоў у Літве” распачалася ў Вільні
Асноўная мэта – аб’яднанне студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў і адміністрацыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту для адкрытага абмеркавання далейшага лёсу навучальнай установы.
На канферэнцыю таксама запрошаны прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці, а сярод яе арганізатараў – Студэнцкае прадстаўніцтва.
Апошнім часам з установай звязаны шэраг скандалаў, між іншым, універсітэту закідаюць тое, што ён пазбаўляецца сваіх беларускіх каранёў.
Сярод удзельнікаў канферэнцыі дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэя Уладзімір Колас:
– З самага пачатку ЕГУ дыстанцыяваўся ад беларускасці. Гэта было сумна, безумоўна. А хто са студэнцтва праяўляе актыўнасць, гэта добра, так і павінна быць. Наша сістэма адукацыі адрозніваецца таталітарнымі традыцыямі, дзе рэктарат, дэканат вырашае ўсё.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў адкрыты ў Менску ў 1992 годзе.
У 2004 годзе беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ўстанову, якая праз год аднавіла сваю працу ў Вільні.
Цяпер тут навучаецца каля паўтары тысячы студэнтаў, пераважна з Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя