Канферэнцыя пра будучыню ЕГУ



Студэнты і выпускнікі запрашаюць на канферэнцыю пра будучыню ЕГУ. Пасля таго, як у кастрычніку 2014 года рэктар ЕГУ прафесар Анатоль Міхайлаў заняў пасаду прэзідэнта ЕГУ, быў аб’яўлены конкурс на пасаду рэктара. Кіруючая рада ўніверсітэта назначыла адмысловы камітэт па адборы кандыдатаў, і на дадзены момант шорт-ліст складаецца з 7 імёнаў.

Прадстаўніцтва ў супрацоўніцтве з Асацыяцыяй выпускнікоў ЕГУ, арганізуе міжнародную канферэнцыю як пляцоўку дзеля адкрытага абмеркавання беларускае будучыні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Канферэнцыя «The Belarusian EHU: after 10 years in Lithuania» мае адбыцца 9-10 студзеня ў Вільні. На канферэнцыю запрошаныя кандыдаты на пасаду рэктара, а таксама прадстаўнікі беларускае грамадзянскае супольнасці пераважна з акадэмічнай і адукацыйнай сфераў.

Сярод іх – дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэя Уладзімір Колас:

– Мы глядзім на ЕГУ, перадусім, як на магчымасць пераменаў і спрыяння пазітыўным пераменам. Тое, што пра нас узгадалі і вырашылі параіцца і абмеркаваць шырокім колам праблемы і перспектывы гэтай установы, гэта вельмі добра. Менавіта таму я і пагадзіўся прыехаць, каб там быў дух пасіянарнасці, адчування нейкай місіі.

Па выніках дыскусіяў плануецца стварыць дакумент, які будзе змяшчаць прапановы па магчымых кірунках далейшага развіцця ЕГУ і ягонай ролі ў жыцці беларускага грамадства.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  N-EUROPE.EU