Канферэнцыя, прысвечана 65-годдзю кафедры беларустыкі Варшаўскага ўніверсітэта



21-22 кастрычніка ў Варшаўскім універсітэце адбудзецца Міжнародная навуковая онлайн-канферэнцыя “Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі”. Канферэнцыя прысвечана 65-годдзю кафедры беларустыкі.

Канферэнцыя адбудзецца пад знакам супольнай польска-беларускай культурнай, літаратурнай, гістарычнай спадчыны і моўных сувязяў – таго, што аб’ядноўвае нашы народы-суседзі. Суседства моў і культур вядзе да дыялогу, узаемадзеяння, інтэграцыі, да ўзнікнення новых, адметных каштоўнасцяў.

Лёсы беларусаў і палякаў на працягу многіх стагоддзяў перакрыжоўваліся, надаючы новыя імпульсы, натхняючы на новыя ўяўленні і творчыя адкрыцці. Многія вядомыя польскія нацыянальныя дзеячы, пісьменнікі і мастакі нарадзіліся на землях сучаснай Беларусі, а беларускія – у межах польскай дзяржавы, што заахвочвае даследчыкаў па абодва бакі мяжы да новых творчых пошукаў і новага погляду на польска-беларускія дачыненні.

Навукоўцы з Польшчы, Беларусі і іншых краін будуць мець магчымасць прадставіць свае апошнія даследаванні на пленарным пасяджэнні, а таксама падчас працы ў секцыях.

Беларускае Радыё Рацыя