Кантрабанда ў падаконніках і фанерных дошках
Вынаходлівасць кантрабандыстаў не ведае межаў. 420 тысяч штук цыгарэтаў затрымалі на пераходзе Баброўнікі – Бераставіца польскія мытнікі. Нелегальныя цыгарэты былі схаваныя ў адмыслова падрыхтаваных падаконніках і мэблевых дошках.
Тавар, які правозіў 27-гадовы беларус, паходзіў з Расеі, кажа Мацей Чарнэцкі з прэс-службы падляшскіх мытнікаў.
– У час праверкі грузу мытнікі знайшлі ўнутры спецыяльна створаных фанерных дошак і драўляных падаконнікаў схаваную тытунёвую кантрабанду. На разгрузку, старанную праверку кожнага драўлянага элемента і падлік знойдзенай кантрабанды спатрэбілася амаль 2 дні.
Цяпер функцыянеры мытнай службы правяраюць, адкуль паходзіла кантрабанда і куды мела патрапіць.
Мытнікі ў дачыненні да кантрабандыста пачалі крымінальную справу. Нелегальны тавар канфіскаваны. Грамадзяніна Беларусі чакае суд, яму пагражае вялікі штраф.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота podlaskie.kas.gov.pl