Кантрабандныя цыгарэты ў кніжных паліцах



Больш за 22 тысячы нелегальных цыгарэт спрабаваў правесці з Беларусі ў Польшчу грамадзянін Беларусі. Кантрабанда ацэньваецца ў некалькі тысяч злотых, яе выявілі супрацоўнікі польскіх службаў у пункце пропуску ў Баброўніках.

Паведамляе кіраўнік прэс-службы Падляшскай мытнай управы ў Беластоку Мацей Чарнецкі:

– Супрацоўнікі з аддзела мытні ў Баброўніках, падчас агляду беларускага буса, які перавозіў пасылкі ў Вялікабрытанію, зацікавіліся каробкамі, у якіх знаходзіліся драўлянія кніжныя паліцы. Пасля праверкі сканерам аказалася, што ўнутры кожнай з паліц схаваныя цыгарэты. Цыгарэты трапілі на склад мытнага аддзела ў Баброўніках. Кіроўца буса быў дапытаны.

У дачыненні да грамадзяніна Беларусі пачатае расследаванне, якое праводзіць Падляшская мытна-падатковая ўправа ў Беластоку.

 

Беларускае Радыё Рацыя